Pomidor/off. Натомленыя сонцам (аўдыё-прэм'ера!)
Гурт Pomidor/off прэзэнтуе ў навагоднім пятым туры аўдыё-чарту на Tuzin.fm сваю новую песьню «Сьпёка».
«Сьпёку» Аляксандар Памідораў напісаў акурат узімку, на пачатку гэтага году. «Мы яе запісалі разам з гуртом напрыканцы вясны. Але потым перадумалі выпускаць песьню пра сьпёку летам — неяк масла маслам. Таму вырашылі прытрымаць да зімы — хто ж ведаў, што так пойдзе са сьнегам! Да таго ж у нашай творчасьці і так хапае зімовых замалёвак і карцін. А вось летняй тэмы — бракуе!» — кажа выканаўца.
Гэты варыянт песьні прэзэнтуецца выключна на Tuzin.fm. Для будучага новага сынгла гурта кампазыцыя будзе трохі перароблена ў абноўленым складзе (да каманды далучыўся басіст Максім Кот-Кузьма).
Акрамя выданьня новага матэрыялу, гурт плянуе актыўна пайграць у студзені-лютым. У прыватнасьці, Pomidor/off выступіць у якасьці госьця на вялікім канцэрце з нагоды выхаду дэбютніка гурта Dziecuiki.
SB, Tuzin.fm, фота — Вольга Качура
Pomidor/off — Сьпёка (музыка гурта, словы Аляксандра Памідорава). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Сьпёка, сьпёка
Сонца ходзіць высока
Навокал, ні ветрыка
Чысьціня ў нябёсах…
Сьпёка, сьпёка
Гасподзь ходзіць босы
Наляпіўшы абрывак на нос
Галаву голіць сонцам.
Сьпёка, сьпёка
Плыве пад нагамi дарога
Прадышацца не ўдаецца
Не калышацца, не варухнецца…
Сьпёка, сьпёка
Гукі й думкі сохнуць
Смак незабыўны нібы запаліў
Прыхаванае зь мінулага году…
ПРЫПЕЎ:
Каб гэта быў апошні дзень Зямлі
Дык размаўляць бы не было аб чым!
Ды як нічога не зьнікае нікуды
Так сьпёка гэтая не назаўжды!
Сьпёка, сьпёка
Не ратуе нічога
Паветра нiбы алей
Хочацца скуру сьцягнуць з сабе.
Хочацца каб рэкі ды вены запоўніла
Віно сьцюдзёнае, белае-чырвонае
Хочацца крылы мець, ды ня каб ляцець,
А раскрыць, каб зрабіць
Хаця б які-небудзь цень.
ПРЫПЕЎ:
Каб гэта быў апошні дзень на Зямлі
Дык шкадаваць бы не было аб чым!
Ды як нічога не зьнікае нікуды
Так сьпёка гэтая не назаўжды!
А.Памідораў 16.01.2013
каму як, а мне стылістыка кампазіцыяў памідорава разам з тэкставым зместам неверагодна імпануе! квінтэсэнцыя беларускага року. даеш яго ў лідары галасавання!
Спадар Памідораў! Да спадобы і мне тваё вымаўленьне.
Увогуле ваш голас - трэндавы. Такі "Шрэкавы")))
КАМЕНТАВАЦЬ