Pomidor/off. Песьня родам зь дзяцінства (аўдыёпрэм’ера!)
У межах праекту «Re:Песьняры» музыкі з гурту Pomidor/off запісалі песьню «Скрыпяць мае лапці».
Песьня «Скрыпяць мае лапці» ўвайшла ў тую самую першую кружэлку-гігант ансамблю «Песьняры», выдадзеную ў 1971 годзе пасьля фурору ансамблю ва ўсесаюзным конкурсе артыстаў эстрады. У выніку той перамогі гурт здабыў славу на ўвесь саюз ды атрымаў права запісацца на галоўнай студыі фірмы «Мэлёдыя» ў Маскве. Якраз «Скрыпяць мае лапці» абраў для выканьня сваім гуртом Аляксандар Памідораў (ён, дарэчы, нарадзіўся ў той жа год, калі выйшла кружэлка).
«Для мяне „Песьняры“ ў пэўны час пачатку майго жыцьця былі ўвасабленьнем рытму і задавальненьня ад музыкі, — распавядае Аляксандар. — Іх запісы даволі часта круцілі па дзяржаўным радыё. Памятаю як я, здаецца, яшчэ ці то году не было мне, ці нядаўна споўніўся, увесь час чакаў, калі ізноў прагучыць па радыё песьня зь цікавым эхам хору мужчынскіх галасоў у куплеце. Гэта была якраз „Скрыпяць мае лапці“. Таму цалкам натуральны быў выбар для трыб’юту. Хаця мы з хлопцамі разглядалі варыянтаў зь пяць, практычна адзінагалосна зацьвердзілі менавіта яе».
У выкананьні гурта Pomidor/off «песьняроўская» рэч заўважна зьмянілася. Справа ў тым, што музыкі ня надта любяць кавэры, якія гучаць блізка да арыгіналу ці не адрозьніваюцца паводле ідэі: «Рабіць дакладную копію ў нас не ўваходзіла ў пляны. Нейкай дакладнай ідэі не было, было жаданьне аднавіць добрую песьню пра каханьне, ну й каб выглядала і актуальна, і адпаведна нашаму гучаньню. Тры куплеты песьні гучаць кожны ледзь ня ў рознях стылях, але дзіўнага тут няма анічога. Рок і фанк былі натуральнымі ў творчасьці „Песьняроў“. А нешта кшталту дабстэпу, упэўнены, Уладзімер Георгіевіч не абмінуў бы экспэрымэнтам, каб пачуў», — кажа Аляксандар Памідораў.
У арыгінальнай кампазыцыі Мулявіна, дарэчы, Памідораў угледзіў яе падабенства да гіта The Who «Magic Bus». Музыка наогул лічыць, што кіраўнік «Песьняроў» займаўся асьветніцкай дзейнасьцю, як і шмат хто з савецкіх музыкаў, пераносячы самыя сьвежыя музычныя плыні на ідэалягізаваную савецкую глебу: «Лішне казаць, калі я ў сямігадовым узросьце ўпершыню пачуў „Jesus Christ Superstar“ дык палічыў, што гэта якасны паўтор песьняроўскай „Песьні пра долю“. Дзякуй дзядзькам, распавялі. Але і „Песьню пра долю“ я ўпершыню зь нейкай бабіны пачуў у іх».
Дарэчы, самі ўдзельнікі залатых «Песьняроў» Улад Місевіч, Валер Дайнэка, Анатоль Кашапараў назвалі песьню гурта Pomidor/off адным з галоўных посьпехаў праекту «Re:Песьняры».
Pomidor/off — Скрыпяць мае лапці (музыка і словы народныя, апрацоўка 1970 году Ўладзімера Мулявіна, апрацоўка 2014 году гурта Pomidor/off). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Tuzin.fm, фота Яўгена Нарушэвіча
Скрыпяць мае лапці, як іду да цебе.
А я каля цебе думаю што ў небе.
Скажы, Ганулька, а ты праўду мне:
А ці любіш мяне, а ці не?
Скажы, Ганулька, а ты праўду мне:
А ці любіш мяне, а ці не?
Паслухай, Ганулька, а што людзі кажуць:
Нашага каханьня нічым не разьвяжуць.
Ніколі нас ня змогуць сілаю,
Бо мы будзем жыці зь мілаю.
Ніколі нас ня змогуць сілаю,
Бо мы будзем жыці зь мілаю.
Паслухай, Ганулька, што сава сьпявае.
Пэўна яна наша ўсё гора знае.
Скажы, Ганулька, а ты праўду мне:
А ці любіш мяне, а ці не?
Скажы, Ганулька, а ты праўду мне:
А ці любіш мяне, а ці не
КАМЕНТАВАЦЬ