Чырвоная ружа
7773 / 1
11.09.2014

«Чырвоная ружа» ў джазе (аўдыёпрэм’ера!)

Найлепшы кавэр гурт Беларусі DeTroit запісаў для праекту «Re:Песьняры» сваю вэрсію песьні «Чырвоная ружа», дзе спалучыліcя інтэлектуальны джаз і клясычны ўзор беларусага сьпеву.

Песьня «Чырвоная ружа» — адна зь візытовак «Песьняроў» 90-х. Яна ўпершыню прагучала ў праграме «Голас душы», падрыхтаванай ансамблем разам з нацыянальным хорам Беларусі і ансамблем «Харошкі» (1994), менавіта ў яе гонар была названая складанка «Песьняроў» — «Красная роза», выдадзеная на CD кампаніяй Moroz Records (1996). Яе неаднойчы выконвалі іншыя выканаўцы — Пётар Ялфімаў, гурт :B:N: і Георгі Калдун зь Інай Афанасьевай. Менавіта гэтую песьню прапанавалі выканаць кожнаму зь фіналістаў нацыянальнага конкурсу кавэр-бэндаў «Cover King», на якім перамог гурт DeTroit. Іх вэрсія «Чырвонай ружы» была настолькі выдатнай, што музыкі атрымалі запрашэньне запісаць яе для праекту «Re:Песьняры».

«Гэтая песьня са мною досыць даўно, — распавядае вакалістка DeTroit Інга Кісялёва. — Мне яе прапанаваў выканаць рэжысэр аднаго з канцэртаў Вольга Восіпава, бо, на яе думку, яна пасавала да майго тэмпэрамэнту. Апынулася, што сапраўды яна трапіла ня толькі ў тэмпэрамэнт, але і ўва ўнутраны сьвет. Калі арганізатар „Cover King“ Сьвятаслаў Чарнуха прапанаваў зрабіць для фіналу гэтую песьню ва ўласным прачытаньні, то задача падалася незвычайнай і ў той жа час цалкам лягічнай. Тым больш было прыемна яе запісаць і для праекту „Re:Песьняры“».

«Чырвоная ружа» ў вэрсіі DeTroit загучала ў джаз-апрацоўцы. Такім чынам убачылі яе музыкі, нягледзячы на сваю «прыракаванасьць ды кураж». «Мы імкнуліся аб’яднаць інтэлектуальны, іншаземны і такі любімы намі джаз і гэты клясычны ўзор беларускай песьні. Галоўнае, што мы, надаючы новы подых гэтым песьням, працягваем ім жыцьцё. Яны гэтага безумоўна заслугоўваюць», — зазначае сьпявачка.

DeTroit — Чырвоная ружа (музыка 1994 году Ўладзімера Мулявіна, словы народныя, музыка 2014 году гурту DeTroit). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

Чырвоная ружа, ня стой на дарозе!

Ня стой на шырокай, хто йдзе — той ламае.

Ня стой на дарозе, чырвоная Ружа,

Хто йдзе, — той ламае, хто йдзе — той сшыбае.

 

За што, за што ядкое дзiва?

За тое, за тое, як ты красiва!


Жанаты ламае — дзяцям на забаву,

Халасты ламае — дзеўкам на спадману.

Чырвоная ружа — дзяцям на забаву,

Чырвоная ружа — дзеўкам на спадману.


За што, за што ядкое дзiва?

За тое, за тое, як ты красiва!

 

Зманiў хлопец дзеўку ружовым квяточкам,

Ружовым хусточкам, ляновым платочкам,

Чарнявым чулочкам, маленькай дочкай,

Ой, беленькiм сынам, маленькiм сынам.

 

За што, за што ядкое дзiва?

За тое, за тое, як ты красiва!

КАМЕНТАРЫ: