Першая беларуская песьня пад брэндам «Нагуаль» (аўдыё)
Гурт «Нагуаль» прадстаўляе ў аўдыёчарце на Tuzin.fm песьню «Маладзік удалы» — першы твор па-беларуску за ўсю 15-гадовую гісторыю існаваньня каманды.
Гэта першая песьня па-беларуску, якая выйшла менавіта пад брэндам «Нагуаль». Раней гэта назва выклікала стойкую асацыяцыю выключна са створанай Лёнем Паўлёнкам фанэмнай мовай, а для зразумелых моваў існаваў сайд-праект «Маланка Orchestra». Але ж сёлета склады гэтых калектываў фактычна перасталі адрозьнівацца. Адпаведна, песьні двух гуртоў прыйшлі да агульнага энэргетычнага назоўніка, прынамсі ўдзельнікі прынцыповай розьніцы не адчуваюць. Як прыклад — песьня «Маладзік удалы», па энэргетыцы несумненна «нагуалеўская»: таямнічасьць, фолькавая аснова, хаця мова зразумелая.
Напісаная песьня на аснове беларускага абрадавага фальклёру, прысьвячаецца зімовым сьвятам, у першую чаргу калядным. Лёня Паўлёнак расказвае, што гэта кампазыцыя выйшла зь ягоных дзіцячых успамінаў: «Калі я ствараў гэтую песьню, думкамі вяртаўся ў дзяцінства, калі шмат часу праводзіў з бабулей і дзядулем на хутары, дакранаўся да прыродных цудаў. Зіма, сьняжок, перадкалядны вечар, стол, традыцыйна пакрыты сенам, на ім куцьця. А хутар стаіць пасярод вялізнага засьнежанага поля, ніякіх платоў наўкол няма. Адчыняеш дзьверы — і выходзіш у космас…»
Такія вобразы, сьпевы бабулі і цяперашнія магчымасьці «Нагуаля» заміксаваліся і атрымаўся «Маладзік удалы» — з таямнічымі прыгаворкамі, паганскім Зюзем і іншымі сакрэтамі, якія кожны слухач можна адкрываць для сябе самастойна.
«Маладзік удалы» стала загалоўнай у міні-альбоме гурта, куды ўвайшло пяць трэкаў. Гэта першая работа гурта за мінулыя 5 гадоў і адначасова прадвесьнік паўнавартаснай студыйнай працы, выхад якой плянуецца на вясну-2015. Над поўнафарматнікам гурт цяпер актыўна працуе. Музыкі кажуць, што мусіць атрымацца своеасаблівы the best таго, што было створана за мінулыя гады. Таму самая складаная частка працы — абраць песьні, бо матэрыялу ў гурта хопіць на тры двайныя дыскі. На новым альбоме будзе мікс з фанэмных і зразумелых словаў, танцавальных і мэдытатыўных песень. Карацей, тая сумесь, якая цяпер лепей за ўсё і характарызуе «Нагуаль».
З прэзэнтацыяй міні-альбома гурт праехаўся зь міні-турам па Расеі, выступіў у Варшаве, а таксама прадставіў плытку ў Менску на сумесным канцэрце зь нямецкім авангардыстам Жоржам Камэрунам. Акрамя таго, «Нагуаль» цяпер актыўна стварае музыку для спэктакляў, кіно і мультфільмаў. Толькі за мінулыя тры месяцы адбыліся прэм’еры лялечных спэктакляў «Тарцюф» у беларускім тэатры лялек, «Сьнежная каралева» ў магдэбурскім тэатры лялек у Нямеччыне, а таксама дакумэнтальнага фільму «Подых балот». Музыку для ўсіх гэтых твораў напісаў Леанід Паўлёнак, сіламі гурта яна была запісаная.
Працягваюцца экспэрымэнты і з рознымі формамі падачы музыкі гурта. Акрамя выступаў поўным вялікім складам з шасьці чалавек, нярэдка «Нагуаль» выступае акустычным малым складам з трох удзельнікаў, часам можна патрапіць на выступы гурта з этна-трансавай праграмай (1—2 чалавекі ды электронныя прыстасаваньні). Прычым усе гэтыя варыянты зьяўляюцца паўнавартаснымі і баяздольнымі творчымі адзінкамі, якія ўжываюцца ў залежнасьці ад настрою, атмасфэры канкрэтнага мерапрыемства і акустычнай прасторы.
А ў 2015 гурт будзе адзначае 15-годзьдзе свайго існаваньня. Так што наперадзе шмат новых цікавостак і экспэрымэнтаў.
Сачыць за навінамі гурта можна праз афіцыйную суполку.
Нагуаль — Маладзік удалы (музыка і словы Леаніда Паўлёнка). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Tuzin.fm
Зернятка даўгое будзе нараджацца,
Сонца маладое будзе сустракацца
З раніцай вясновай,
Са скацінкай у хлеве,
З каршуном на дрэве,
Зь дзіцяткам на сене.
Зернятка даўгое будзе нараджацца,
Сонца маладое будзе сустракацца…
Па балоту Зюзя ходзіць і сьмяецца,
Грукае ў шыбы, аж зямля трасецца.
Ты ня бойся, дзетку,
Ты ня бойся, малы,
На гары ў цемры маладзік удалы.
Па балоту Зюзя ходзіць і сьмяецца,
Грукае ў шыбы, аж зямля трасецца
КАМЕНТАВАЦЬ