
«Джына». Зьбегчы ад бытавухі (аўдыё)
Гурт «Джына» прадстаўляе ў аўдыёчарце на Tuzin.fm песьню «Сэрпанцін» — трэк, які найлепш адлюстроўвае музычныя густы ўдзельнікаў каманды ды іх кірунак.
«Памятаеце як Шэрлак Голмз пры дапамозе тытуню і свайго дзіўнага псыхічнага складу вандраваў па-за межамі прасторы ды ўласнага розуму? Песьня „Сэрпанцін“ распавядае пра такую вандроўку, толькі ня з мэтай выкрыць злачынства, а з мэтай зьбегчы ад бытавухі, ад свайго пакою, ад звыклых і абрыдлых карцін штучнага сьвятла, часьцінак пылу, якія лунаюць у гэтым сьвятле», — кажа бубнач гурта «Джына» і аўтар тэксту Кірыл Раманчук.
Гэтыя музыкі экспэрымэнтуюць з формай і нетыповымі рытмамі, што і прадэманстравалі ў сваім апошнім EP «За сэрпантынам». Фактычна твор, які яны прадстаўляюць у аўдыёчарце на Tuzin.fm у ім загалоўная і яна зьяўляецца якраз тым арыентырам, за якім музыкі будуць рушыць далей. Тут трывожны прагрэсіў-рок зьмяняецца бадзёрым дыска-панкам, а турботныя гітарныя пасажы — драйвовым сынтэзатарным гукам. «Гэты трэк у найбольшай ступені адлюстроўвае наш музычны накірунак ды нашыя густы. Ён атрымаўся вельмі сваеасаблівым, у ім пераплялося ўсё тое, што мы любім і цэнім у музычным працэсе. Ёсьць пачуцьцё трывогі, якое захоўваецца на працягу першых двух куплетаў ды прыпеваў, якое зрываецца ў кайф ад падарожжа па гэтым сэрпанціне бліжэй да канцоўкі песьні», — кажа вакаліст і клявішнік «Джыны» Сяргей Іваноў.
Песьняю «Сэрпанцін» музыкі з «Джыны» нібы гіпнатызуюць: «Уявіце, што вы апынуліся на сэрпанціне і зьяжджаючы зь яго, набраўшы поўныя грудзі вячэрняга паветра, ловіце вачыма часьцінкі зорак, а радыятар расьціскае дакучлівых начных насякомых. Быццам знаходзісься на мяжы рэальнасьці і ілюзіі, не выходзячы са сваёй звыклай менскай кватэры», — гэтак акрэсьлівае яе настрой Кірыл Раманчук.
Джына — Сэрпанцін (музыка гурта, словы Кірыла Раманчука). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Tuzin.fm
Вальфрам набываем сябе толькі зьверху, пад стольлю
Сэнс лямп — азёры сьвятла пад нагой, на падлозе
Адзеньне, шпалеры, рахункі даўно змыты мольлю
Выйсьце адно — толькі крык у бязгучнай дарозе
Зьверху ўніз з часьцінамі пылу
Мы паедзем з табой за край сэрпанціна
Бязьлітасны зьвер цэліць у сьпіну,
Але мы ўжо ня тут, мы за сэрпанцінам
Сэнс лямп — азёры сьвятла на бруднай падлозе
Мой сэнс — няспынна ляцець уніз па гэтай дарозе
Зьверху ўніз з часьцінамі пылу
Мы паедзем з табой за край сэрпанціна
Бязьлітасны зьвер цэліць у сьпіну,
Але мы ўжо ня тут, мы за сэрпанцінам
КАМЕНТАВАЦЬ