«Рокаш». Ня зьнікнуць у холадзе (аўдыё)
Гурт «Рокаш» прадстаўляе ў аўдыёчарце на Tuzin.fm песьню «Ноч лістапада». Музыкі ўпэўненыя, што восень — той час, калі трэба задумацца пра сваё мінулае і будучыню.
Песьня «Ноч лістапада» ўвайшла ў EP «Пад знакам крумкача», які нядаўна гурт «Рокаш» прадставіў на Tuzin.fm. Яна і створаная была якраз пры канцы восені — вельмі сымбалічнай для музыкаў пары году. Менавіта ўвосень яны ўтварылі гурт, менавіта восені прысьвечаны шэраг іх песень. Удзельнік каманды Лявон Казакоў кажа, што і сэнс гэтага твору тычыцца гэтага таямнічага і містычнага пэрыяду году: «Апошнім часам вельмі папулярным сярод моладзі стала сьвяткаваньне Хэлаўіну. Усе апранаюцца ў дэманічную вопратку, усяляк размалёўваюць свае твары ды ня надта задумваюцца пра тое, які ж сэнс несла гэтае сьвята ў мінулыя часы, для нашых продкаў. Дык вось, для індаэўрапейскіх народаў, да якіх адносяцца і славяне, і германцы, і кельты і шматлікія іншыя народы, пачатак лістапада гэта час сутыкненьня сьвятла ды цемры, лета ды зімы, цяпла ды холаду, час, калі людзі задумваюцца пра сваё мінулым ды будучыню, ушаноўваюць сваіх продкаў. У глябальным сэнсе для ўсіх беларусаў — час, калі трэба задумацца пра свой лёс, уласную ідэнтычнасць, не скарыцца неспрыяльным павевам эпохі, ня зьнікнуць у яе холадзе, і ўсе ж такі пратрымацца да цяпла ды росквіту». Музыкі спадзяюцца, што іх песьня «Ноч лістапада» падштурхне людзей да гэтых роздумаў ды проста сагрэе сваім гучаньнем халодным восеньскім вечарам.
Пасьля маштабнага адзначэньня свайго 10-годзьдзя ў клюбе Re:Pubulic «Рокаш» мяркуе даць канцэрты яшчэ ў шэрагу гарадоў, а пасьля засяродзіцца над новай праграмай і падрыхтоўкай да запісу новага поўнафарматнага альбому.
Рокаш — Ноч лістапада (музыка Алеся Акульчыка, словы Лявона Казакова). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Tuzin.fm
Танчыць у холадзе лісьце апошняе
Ды ня можам мы супакоіцца
Як нам адшукаць у цемры полымя
Там дзе шчасьце нам толькі мроіцца
У лістападаўскім танцы роспачным
Лісьце ў бездані ціха падае
Здані кружацца ў коле вогненным
Ноч даруе нам гукі памяці
На мінулага чорным попелу
Больш ня зможам мы азірнуцца
Лістападаўскім цёмным моракам
Зьнікнуць сны, але ня вярнуцца
КАМЕНТАВАЦЬ