
ili-ili: «Танцпляц — гэта гучыць крута!»
Пераможцы конкурсу «Басовішча-2013» гурт ili-ili прадстаўляюць у першым туры аўдыё-чарту на «Тузіне Гітоў» сваю песьню «Сэрцы». Музыкі стварылі яе, бо карцела каб на беларускай мове зьявіўся твор, якіх хапае ўжо на іншых мовах.
Адзін з заснавальнікаў гурта ili-ili Міхась Зуй кажа, што гісторыя песьні «Сэрцы» пачалося са слова «танцпляц». «Надта ўжо яно крутое! І нам хацелася, каб менавіта на беларускай мове зьявіўся твор, якіх на іншых мовах процьма. Пра ноч у горадзе. Пра моладзь, якая яднаецца ў танцы. Пра сэрцы, якія б’юцца адно аб адно, але не разьбіваюцца, яны высякаюць іскры», — кажа музыкант і актор Купалаўскага тэатру. Песьня «Сэрцы» была прадстаўлена на канцэрце праекту «Жывы Тузін» у студзені 2013 году і выдадзена на асобным сынгле.
Сьледам за дэбютным альбомам «Past Perfect», які складаўся збольшага з расейскамоўных кампазыцыяў, гурт ili-ili зьбіраецца выдаць цалкам беларускамоўную кружэлку, якая будзе звацца «list». Цяпер якраз ідзе праца ў студыі. Безумоўна, «Сэрцы» ўвойдуць у яе таксама. Жывая прэзэнтацыя дыску заплянавана на 5 сьнежня ў менскім клюбе Re:Public. Музыкі зьбіраюцца таксама зладзіць тур у падтрымку альбому па іншых гарадах Беларусі.
ili-ili пачалі актыўную дзейнасьць у 2011 годзе, пасьля распаду гурта «Дзецідзяцей». За гэты час музыкі выдалі поўнафарматны дыск, міні-альбом, сынгл і тры кліпы. Сёлета яны атрымалі перамогу ў віртуальным конкурсе на «Басовішча-2013» (разам з KilFil) і пасьпяхова выступілі на найстарэйшым беларускім фэсьце.
SB, «Тузін Гітоў»
ili-ili — Сэрцы (музыка і словы гурта). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Вельмі прыемна, калі акторы Купалаўскага згадваюць пра беларускую мову ня толькі працуючы на сцэне.
КАМЕНТАВАЦЬ