ZnaROCK. Апрабавана на Onliner.by (аўдыё)
У новым туры аўдыёчарту на Tuzin.fm гурт ZnaROCK прадстаўляе песьню «Новы iPhone», якая была прайшла выпрабаваньне на форуме Onliner.by. Музыкам ужо дасталося за каньюнктуршчыну, клаўнаду і нават гомасэксуалізм.
На самой справе, новы твор у лідэра ZnaROCK Яўгена Сокалава нарадзіўся зь любові да творчасьці Андрэя Макарэвіча. У дзяцінстве, больш за 20 гадоў таму, будучы музыка пачуў яго песьню пра відэамагнітафон — гэта быў першы твор, які яму сьвядома спадабаўся. І вось летась ён напісаў сваеасаблівы адказ на яго. «Калі я ізноў зьвярнуўся да той песьні дзяцінства, то быў зьдзіўлены, наколькі мала што зьмянілася ў стаўленьні людзей да найноўшых дэвайсаў і гаджэтаў за 30 гадоў. Так і нарадзіўся новы тэкст. І ўжо толькі пасьля, калі пайшла шуміха вакол выхаду чарговай мадэлі смартфона, мы вырашылі яе апэратыўна зрабіць і запісаць. Адпаведна і прэзэнтавалі на самым папулярным партале, прысьвечаным лічбавай тэхніцы», — распавядае Яўген. Пасьля прэзэнтацыі на onliner.by ён шмат чаго новага даведаўся пра сябе і сваю творчасьць з камэнтароў, якімі славіцца гэты партал. «Усё было ў найлепшых традыцыях беларускіх форумаў. Нас звінавацілі ў каньюнктуршчыне, клаўнадзе, гомасэксуалізме ды іншым. Асабіста мы лічым, што праграма-мінімум была выканана яшчэ на этапе запісу: песьня цудоўна падняла настрой гукарэжысэру Паўлу Яноўскаму», — сьмяецца лідэр ZnaROCK і спадзяецца, што аўдыторыя парталу Tuzin.fm адэкватна зразумее яго творчую задуму.
ZnaROCK вядомы наведнікам Tuzin.fm зь песьні «Я эма, мама», якая ў сэзоне 2010—2011 увайшла ў лік 12 галоўных песень. Нядаўна музыкі абнавілі склад гурта, адмовіліся ад скрыпкі ды ўсяго смычкова-ска-панкавага канцэпту і больш схіліліся да рок-гучаньня. Пошукі гуку і стылю працягваюцца. Бліжэй да лета-2015 гурт абяцае канчаткова вызначыцца, а пакуль зьбіраецца даваць чаду і хуліганіць на сваіх канцэртах. За навінамі каманды можна сачыць празь іх афіцыйную суполку.
ZnaROCK — Новы iPhone (музыка і словы гурта). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Tuzin.fm
Колькасьць дэвайсаў
Нібыта курс баксу
Расьце, хрэн набудзеш іх усе
Я жыў, сьпяваў песьні
Нокію 3310 меў
І думаў, што я ўсіх круцей
Але мая дзеўка
Сказала мне: «Жэнька,
Ты выглядаеш лахом»
І ўратуе адно:
Мне і ёй заадно
Набыць тэрмінова айфон
І я набыў сабе новы iPhone —
Гэта ай-асалода, ай-цуд і ай-сон!
Яго слухаць можна, можна чытаць,
А калі трэба — нават паразмаўляць!
Па кроплі зарплату
ў даўгую шуфляду
Я вырашыў не адкладаць
Пайшоў у банк ля хаты
Крэдыт узяў і дату
Рэлізу пачаў я чакаць
Паглядзеў усе відосы
Пра Стыва Джобса
Сяброўка зрабіла аванс
У чарзе суткі стаяў,
Але ж сука прыдбаў
Такі запаветны дэвайс!
Рэфрэн
Прайшлі па гардкоры
Два тыдні ў ап-сторы
Ня знаю, як жыў я раней
Бяз гэтых праграмак:
iTunes, Instagram-у,
«Angry Birds» і гэтак далей
Ні чыпсаў, ні піва
І кеды ўсе ў дзірах
Інэт адрубілі даўно
Але тру пантовае
Рознакаляровае
Куленепрабівальнае шкло!
Рэфрэн.
Няшмат прайшло часу,
Зь дзяўчынай расстаўся,
Крэдыт мне плаціць гады тры
Я зранку прачнуўся
Залез у фрэнд-стужку
І ах…еў ад навіны:
Кампанія Apple
Выпусьціць гэтым летам
Новы самы клёвы смартфон!
У ім будзе праектар,
Відэлец і блэндар —
Ну як мне пражыць безь яго.
Рэфрэн
КАМЕНТАВАЦЬ