
Дэбют на Tuzin.fm! Ангста рэп (прэм’ера!)
Праект Angst прадстаўляе свой першы трэк «Няма каханьня», запісаны пры ўдзеле Алеся Ката-Зайцава. Выканаўца асэнсоўвае стасункі маладой пары ў той момант, калі стомленасьць адно адным ужо назьбіралася.
Песьня «Няма каханьня» была напісаная на пачатку 2014 году на біт Kurguz prod. (сэмпл — з трэку малазійскай сьпявачкі Yuna «Lullabies»). Рэпэр Angst прызнаецца, што кампазыцыя выйшла такім сабе «франкенштэйнам» ці «першым бліном»: пачатковы куплет задумваўся як гасьцявы для іншага трэку, біт пад яго адшукаўся пазьней і тады ж быў напісаны другі куплет з прыпевам. Запіс песьні рабіўся на адной студыі, зьвядзеньне і майстарынг (рабіў KamaZ) — на другой. У фінальную вэрсію ўвайшла чацьвертая вэрсія прыпеву, выкананая лідэрам гурта BosaeSonca Алесем Катом-Зайцавым. Па выніку ж — выйшоў густоўны і шыкоўны рэп.
Аўтар кажа, што ў сваім творы ён бярэцца асэнсаваць стасункі маладой пары ў той момант, калі стомленасьць адно адным ужо назьбіралася, але час расстаўленьня кропак над «і» ў сувязі з гэтым яшчэ не прыйшоў ды чакаецца ў найбліжэйшай будучыні. Пакуль жа — маскі напускнога спакою і сьнегавы ком зь няўклюдных словаў і дзеяньняў, што толькі падліваюць алею ў агонь.
Angst — прадстаўляе новае пакаленьне беларускай рэп-музыкі. Праект утвораны ў Менску ў 2014 годзе Віталём «Ангстам». Упершыню заявіў пра сябе ў трыб’юце «Re:Песьняры» ў сумеснай з SP Kava песьні «Думалі». Таксама адзначыўся гасьцявым куплетам у яго рэлізе «яМы» (2015). Трэк «Няма каханьня» — яго паўнапраўны дэбют. Выканаўца мае матэрыялу на альбом, які рыхтуе сёлета да выданьня.
Прэзэнтацыя песьні на Soundcloud
Angst feat. Алесь Кот-Зайцаў — Няма каханьня (музыка Kurguz prod., словы Angst). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Tuzin.fm
Чаму ты плакала ўночы? Хто твае пляны сурочыў?
І чаго ты насамрэч хочаш, калі глядзіш на мяне так па-воўчы — моўчкі?
Твае замарочкі робяць толькі больш упёртым,
проста выводзячы з зоны камфорту. Сумесныя фоткі — фтопку:
моманты, што застылі на іх, назаўжды застануцца мёртвымі.
Пра гэта сьпявае Bono з твайго тэлефона,
гэта асноўны зьмест тваіх смс.
А я — сонны, мне, у асноўным, усё роўна,
я на сваім месцы, нават калі скончыцца ўсё празь месяц.
Сёньня галоўнае — гэта быць у тонусе,
нават зь веданьнем, што заўтра патонем усе.
Са скурай тоўстай, аброслай грубай поўсьцю,
нібы мае пачуцьці згаданыя ў страхавым полісе.
Дык чаму ты плакала ўночы?
Як гэта — быць побач з такой, як я, сволаччу?
Зноў раны да ранаў,
сэрца — патрыманы тавар —
патлумачыць ня ў стане,
чаму няма каханьня.
Ня той чалавек побач, старая гісторыя:
каля люстэрка ейны пярсьцёнак,
у яго на вечар — фільм з торэнтаў.
«Сёньня я стомленая, ты паглядзі порна…
У адпачынак я лячу адна, бо ўдваіх — дорага».
Так шмат месца — у ложку халодна, бы ў моргу.
Піў зь сябрамі з гэтай нагоды? Ну, дзякуй богу!
Гэта стакгольмскі сындром цэлага гораду,
дзе за кожным акном абавязак спаць з ворагам.
А лепей зь сяброўкамі ў клюбе — і па кактэйлі!
А потым яшчэ па адным. І яшчэ па адным кактэйлі!
Чужыя рукі на целе, прыгожы пацан у тэме…
Танцпол — на ёй «Лабутэны», на ім «Том Тэйлар».
І ўжо ўсё роўна, як на іх паглядзяць у гатэлі —
у кожнага свой фітнэс і свой трэнэр.
Не пытай нічога на ранак, ня траць нервы:
каханьне нават ня бог, каб так у яго верыць.
Абсалютна выдатны трэк
Згодны, пранікненая песьня. Дзякуй.
а мне здаецца, што тэкст рэпа занадта просты ды пошлы....гэта ўсе аднолькава...чаго ўсе рэперы пішуць аднолькавыя словы на аднолькавую тэматыку? Да Алеся няма пытанняў...музыка так сама маднявая...
КАМЕНТАВАЦЬ