Чакаем
5905 / 1
20.01.2014

Наста Шпакоўская: «Мару „людзьмі звацца“ мы проста ціха беражэм» (аўдыё)

У сёмым туры ў аўдыёчарце на Tuzin.fm удзельнічае песьня «Чакаем» у выкананьні праекту Naka piano. Cа словаў Насты Шпакоўскай пяецца ў ёй пра даўнюю мару беларусаў — «людзьмі звацца».

Кампазыцыя «Чакаем» упершыню прагучала летась на канцэрце Naka piano. Гэта акустычны праект, які заснавала вакалістка Наста Шпакоўская і клявішніца Ірына Кліменка. Акром пераасэнсаваных на больш камэрны лад песень гурта Naka ў межах гэтага праекту гучаць зусім новыя рэчы. Сярод іх і гэты твор.

«Мяне натхніла на напісаньне гэтай песьні памяркоўнасьць беларусаў. Усеагульнае адвечнае жаданьне перачакаць з думкаю, што ўсе праблемы зьнікнуць неяк самі па сабе, — кажа Наста Шпакоўская. — Гэта тычыцца ня толькі палітычных падзеяў, але і асабістых жаданьняў, уласнай душы. Нашу даўнюю мару „людзьмі звацца“ мы проста ціха беражэм і трымаем у сабе да лепшых часоў. А час гэты ўсё не надыходзіць. На жаль. А мы ўсё чакаем».

Наста кажа, што «Чакаем» застанецца ў вэрсіі голас+фартэпіяна, у электрычнасьці яе рабіць не плянуецца. Акром альбому Naka piano «Чакаем» увайшла ў супольны музычны праект «Апошні золак». На он-лайн прэм’еры яна выконвалася разам з клявішнікам Дзьмітрыем Хаменкам.

Tuzin.fm, фота — Iван Бэсер

Naka piano — Чакаем (музыка і словы Насты Шпакоўскай). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Цемра над маёй зямлёю,

Не сыходзiць, не сыходзiць,

Быццам маці свайго дзiцяці,

Не знаходзiць, не знаходзiць,

Усё чакае, усё чакае…

Цемра над маёй зямлёю,

Усё зручнее ды зручнее,

Мацi сваей адзiнотай

Усё п’янее ды п’янее,

Усё чакае, усё чакае…

Ты ня верыш, я ня веру,

У бесьсьмяротнасьць шэрай зграi,

Няма гэтай маці болей,

А дзiцяці ўсё блукае,

Ды чакае, усё чакае…

Вочы звыклiся да цемры,

З тварам брудным весялiмся,

Ды навошта ўсiм нам вочы,

Калi праўды мы баiмся,

Ды чакаем, усё чакаем…

КАМЕНТАРЫ: