
Андрэй Сянькевіч. Вандроўка вакол Зямлі за 300 сэкундаў (аўдыё)
Песьня «Наш час» у выкананьні Андрэя Сянькевіча бярэ ўдзел у аўдыёчарце на Tuzin.fm. Выканаўца ў гэтым творы намагаецца зафіксаваць імгненьне жыцьця.
«Гэтая песня не пра кагосьці канкрэтнага i не пра нешта канкрэтнае. Яна пра ўсіх людзей, якія пражываюць імгненьне жыцьця тут і цяпер. Уявіце камэру, якая за некалькі хвілінаў пралятае міма кожнага чалавека на Зямлі. Гэтыя хвіліны і ёсьць песьня „Наш час“», — кажа Андрэй Сянькевіч, якога можна аднесьці да ліку самых актыўных беларускіх выканаўцаў. Усяго за год сваёй сольнай кар’еры ён даў больш за 70 канцэртаў у Беларусі, Расеі, Польшчы, Літве, Украіне. «Я зразумеў, што калі я сам не прыйду і не скажу, што я існую і жадаю граць сваю музыку тут, ніколі не паклічуць. І вось я сам адшукаў нейкія клюбы, канцэртныя пляцоўкі. І толькі цяпер, пасьля году канцэртаў, мяне пачалі клікаць — у Піцер, на фэстывалі ва Ўкраіну, у Літву…» — распавядае выканаўца.
Песьня «Наш час» увайшла ў дэбютны альбом Сянькевіча «Мечтатели серых улиц» і гэта адзіны беларускамоўны нумар у ёй. Але беларускіх песень у яго хапае — назьбіралася на цэлы альбом, які мяркуецца запісаць узімку. Пакуль жа Андрэй з гуртом сканцэнтраваўся на падрыхтоўцы поўнафарматнай канцэртнай праграмы. Да ўсяго, у кастрычніку Сянькевіч зьбіраецца адзін з гітараю ў міні-тур па Беларусі: 10 кастрычніка ён выступае ў Менску, 11 кастрычніка — у Гомелі, 23 кастрычніка ў Баранавічах. Месцы ды даты выступаў у іншых гарадох можна спраўдзіць праз афіцыйную суполку выканаўцы.
Андрэй Сянькевіч — Наш час (музыка і словы аўтара). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Tuzin.fm
Зноў бярэ свой пачатак дзень:
сонца ўверсе сьмяецца для нас,
а мы ўнізе хаваемся ў цень
і шукаем, сьляпыя, наш час.
Побач з намі і радасьць, і сьмех,
і, на жаль, такі горкі боль.
Мы ня бачым пакінуты сьлед,
толькі марым, што будзе і вольным жыцьцё…
Калі гукі мінулай зiмы
застаюцца на лісьцi паперы
i квартэт пачынае, а мы
адчыняем вокны кватэры,
цёплы вецер, самотны наш госьць
напявае пра тое, што бачыў,
і спрабуе прынесьці нам штосьць,
штосьці новае. I мы ўдзячныя…
Мы па словах зьбіраем радкі,
па хвілінах лічым гадзіны.
I бяжым ад сябе без аглядкі,
хоць ёсьць у нас выхад адзіны…
Зноў бярэ свой пачатак дзень:
сонца ўверсе сьмяецца для нас,
а мы ўнізе хаваемся ў цень,
але ж знойдзем, мы знойдзем наш час!
мне нравится!
Файна. Такая наіўная чыстая рамантыка ў тэкстах - можа і занадта, але ж шчыра верыцца, что юнак верыць у тое, што спявае, што хлопец верыць, што каханне выратуе свет.
КАМЕНТАВАЦЬ