Побач
4192 / 0
24.04.2015

Fridance перадае сыгнал з Масквы: «Трэба навучыцца любіць адзін аднаго» (прэм’ера!)

Маскоўскі гурт Fridance прэзэнтуе на Tuzin.fm самотнік «Побач», які саліст Алесь Кот-Зайцаў называе сваім самым улюбёным творам. Гэтым трэкам музыкі анансуюць будучы EP «Stasy».

Алесь Кот-Зайцаў прызнаецца, што «Побач» — бадай самы ўлюбёны яго твор. Ён напісаны на музыку брытанскага гурта Fink і надзвычай актуальна гучыць тут і цяпер: «Створаная песьня па сутнасьці беларускім гуртом у Маскве, што ў дадзенай палітычнай сытуацыі зьяўляецца нечым досыць сымбалічным, — кажа Алесь. — У сёньняшніх днях, перапоўненых нянавісьцю, непаразуменьнямі і нэгатывам, песьня атрымалася акурат пра тое, што варта вучыцца чуць адзін аднаго, спрабаваць разумець адзін аднаго, а ў выніку навучыцца любіць адзін аднаго. Толькі тады мы ўсе наблізімся да нечага, што пакуль толькі недзе побач“, але на дадзены момант застаецца недасяжным. Утапічна, але хочацца адчуць рэальнасьць гэтай ідэі хаця б праз музыку і хоць бы на момант паверыць, што добрае, сьветлае і разумнае ўрэшце рэшт пераможа!»

Прэм’ера песьні на Soundcloud.com

Прэзэнтацыя песьні «Побач» папярэднічае выхаду EP «Stasy», куды ўвойдзе шэсьць новых песень. Сачыць за навінамі Fridance можна праз афіцыйную суполку каманды.

Fridance — Побач (музыка Fink, словы Алеся Ката-Зайцава). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

Усе твае песьні не пра мяне

А мне з гэтым жыць, мне з гэтым жыць

Увесь шум сусьвету нас не праміне,

Пакуль ты не пачуеш сябе, проста сябе

Усё гэта побач

Пабач, усё побач

Усё гэта побач

Пабач, усё побач

 

Сотні галасоў, толькі ня твой

А нам з гэтым жыць, нам з гэтым жыць

Уся злосьць сусьвету штодня з табой

Пакуль нас не навучаць любіць, проста любіць

 

Усё гэта побач

Пабач, усё побач

Усё гэта побач

Пабач, усё побач