Невылечны
4606 / 0
18.12.2014

Harotnica. Птушыная доля (аўдыё)

Напярэдадні выхаду свайго новага альбому гурт Harotnica прадстаўляе ў аўдыёчарце на Tuzin.fm песьню «Невылечны». Яна ў прынцыпе завецца «Перапёлка», але музыкі яе пераназвалі, каб пазьбегнуць асацыяцыяў з фолькам.

Тэкст да гэтай песьні напісаў удзельнік каманды Андрусь Такінданг пад моцным уражаньнем ад знаёмства з хворым на рак хлопчыкам, якога ён пабачыў у анкалягічнай лякарні ў Бараўлянах. «Ён быў звычайным хлопчыкам, вучыўся, займаўся спортам, а тут раптам яго напаткала хвароба і жыцьцё яго стала іншым. Мяне ўразіла, што ён памірае, але цікавіцца ўсялякімі драбніцам ды дзівіцца маёй курчавай прычосцы», — распавядае Андрусь. Ён напісаў «Перапёлку» як прысьвячэньне гэтаму самаму хлопчыку, які перажывае не за сябе, а непакоіцца лёсам птушкі. Тэкст вельмі крануў вакалістку Валерыю Валадзько ды іншых музыкаў гурта. Яны вырашылі зрабіць зь яе песьню для свайго дэбютнага дыску. І абавязкова ў сваім рэчышчы — рухавым, вясёлым і аптымістычным. «У маім асабістым успрыманьні гэтая кампазыцыя — гімн бяздомным жывёлам, якія маюць патрэбу ў любові і доме», — кажа Валерыя. «Перапёлку» пераназвалі ў «Невылечны», каб пазьбегнуць асацыяцыяў з фолькам.

Паводле задумы, кожная зь песень «Гаротніцы» мае яшчэ сваё мастацкае ўвасабленьне. «Невылечны» праілюстраваў Міця Пісьляк, вядомы графік і дэкаратар, які распісаў быў сьцены бара «Хуліган».

Што да альбому гурта, то яго рэліз прызначаны на 13 студзеня, а канцэртная прэзэнтацыя мае прайсьці пад канец студзеня ў бары «ДК».

Harotnica — Невылечны (музыка гурта, словы Андруся Такінданга). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

 

У палоне сумнай песьнi, пра малую перепёлку

Выцiрае даланёю з твару сьлёзкi хворы хлопчык

Не шкада сваей хваробы, толькi жалка перапёлку

Невылечна хворы хлопчык плача па птушынай долi

Дзе цякуць сьвятыя сьлёзкi, узыходзiць цуда-кветка

Водар горкi i салодкi, як душы самотнай песьня.

Дзе цякуць сьвятыя сьлёзкi, там няма хлусьнi салодкай,

Радасьць з горам побач ходзiць, не журыся любы хлопчык.

Ацалее перапёлка, будзе пёркi грэць на сонцы!