Музыка
6732 / 0
03.02.2016

Сторытэлінг ад Вінсэнта (аўдыё)

Vinsent прадстаўляе ў аўдыёчарце на Tuzin.fm «Музыку» — песьню з асаблівым характарам, у якой распавядаецца цалкам рэальная гісторыя.

«Музыка» зроблена ў асобным відзе рэп-музыкі — сторытэлінгу (на беларускую можна перакласьці як «распавядальніцтва»). Гэта калі трэк уяўляе зь сябе цэльную гісторыю з пэўным сюжэтам. «Гэтая песьня — суцэльная мэтафара. Толькі пры канцы становіцца ясна, пра што ў ёй дакладна вядзецца», — кажа выканаўца. Менавіта «Музыку» ён абраў для ўдзелу ў аўдыёчарце, бо яна заўважна выбіваецца сярод іншых ў альбоме «Vir». Не адлюстроўвае цэнтральнае лініі і гучаньня рэлізу. «Сам альбом — больш абстрактны, паветраны. Тым ня меньш гэтая песьня мае свой характар, у ёй прысутнічае зьмена настрояў, што цікава».

Трэк запісваўся і зводзіўся на менскай студыі Kava Records, майстарынг рабіўся на кіеўскай студыі Ivaney Sound. У якасьці бэк-вакалісткі тут выступіла Вікторыя Расолька.

Vinsent — Музыка (словы Вінсэнта, музыка Diamond Style). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm, фота Насты Арол

Я сустрэў цябе аднойчы, ты помніш,

Твой твар быў цалкам у промнях.

Хэлоў, прывітаньне — ляцела з вуснаў,

Я заўважыў адразу: ты ў маім гусьце.

Мы пайшлі да мяне, я слухаў цябе ўдзень і ўначы,

Хвіліны не лічыў, суседзі ня радыя: «Чаму ты крычыш?!»

Эмоцыяў не стрымаць, гукі ляцяць у вушы,

Я зразумеў: ты мяне ўсяму на сьвеце навучыш.

Казала пра жыцьцё і пачуцьці, я хацеў гэта чуць,

Бяру цябе з сабою, над дамамі хутка лячу.

На першым канцэрце ты мне аддалася на сцэне,

Потым мы разам былі ў самалётах і ў пасьцелі.

Ляцелі дні, я цябе разумеў усё лепш і лепш,

Неўзабаве першыя ноты, першы верш.

Я закахаўся і ня ведаў, што далей з намі будзе,

Папросту дыхаў табою на поўныя грудзі.

 

Прыпеў:

Ты для мяне вада і сонца,

Агонь і паветра.

Так будзе бясконца,

Мне больш нічога ня трэба.

І якой бы ты ні была,

Прад табою стаю на каленях.

Ты маё неба, мая зямля,

Мая душа і вера.

 

Дзе ты была? Кажы праўду, глядзі наўпрост у вочы.

Дзе ты, халера, бавіла час сёньня ўночы?

Куды ты крочыш і куды ідзеш увогуле?

Дзе твой позірк і чаму ты глядзіш пад ногі мне?

Размазала памаду, і вочы ў чорнай тушы,

Пэўна, думаеш, што ты гаспадыня людзкіх душаў?

Ты гаспадыня душу ў маёй ваннай, гэта праўда,

Адкуль гэтыя дыямэнты і торба ад «Прада»?

З кім ты сьпіш на баку, што там за лавсторы?

Яго заўтра знойдуць на дне Менскага мора.

Прачынайся нарэшце, чым ты напілася зноў?

Вакол нас рычыць ашалелы статак ваўкоў.

Ідзі сюды, схавайся за мяне, я цябе не пакіну,

Ты мая дарога і на ўсе часы шлях мой адзіны.

Як бы там ні было, мне з гэтага шляху ня збочыць,

Мая музыка, дзеля цябе расплюшчваю вочы.

 

Ты для мяне вада і сонца,

Агонь і паветра.

Так будзе бясконца,

Мне больш нічога ня трэба.

І якой бы ты ні была,

Прад табою стаю на каленях.

Ты маё неба, мая зямля,

Мая душа і вера.

Тэгi: