
«Крама». Не зьдзівіць, а зрабіць якасна (аўдыёпрэм’ера)
Гурт «Крама» прадстаўляе на Tuzin.fm «Песьню для сяброў» з свайго новага альбому «Белая вада».
«Песьня для сяброў» у пэўнай ступені раскрывае характар новага дыску ад «Крамы». У сьвежых тэкстах гурта практычна адсутнічае алькагольная тэматыка, яны сталі больш сур’ёзныя. І амаль у кожнай кампазыцыі прысутнічае цяпер тэма шляху і дарогі. Аўтары тэкстаў гурта Наста Гулак і Зьміцер Лукашук тлумачыць гэта тым, што лірычны герой тэкстаў «Крамы» сур’ёзны дарослы чалавек, які, аднак, малады душой, а дарога — своеасаблівая мэтафара, якая сьведчыць пра дынаміку. Сам жа Ігар Варашкевіч з усьмешкай кажа, што ніякая гэта не дынаміка, а старасьць.
Альбом пісаўся цэлых пяць гадоў зь перапынкам на розных менскіх студыях. Пачалася праца яшчэ ў 2009 годзе. Музыкі кажуць, што ня ставілі за мэту зьдзівіць нечым слухача. І канцэпцыі адмысловай новай кружэлкі не выпрацоўвалі. Асноўная ўвага — на якасьць гуку. Таму, напрыклад, падчас запісу песень было выкарыстана каля дзясятка фірмовых гітараў, ад чаго гучаньне кожнага трэку адметнае па-свойму.
У падтрымку новага альбома музыкі мараць зрабіць невялічкі тур па гарадах краіны, але разумеюць, што бяз спонсарскай падтрымкі не дадуць рады гэта зрабіць. Акром таго, як зазначыў Варашкевіч, у кожным горадзе існуюць чыноўнікі якія любяць «Краму». Сяржук Трухановіч дадаў: забараняць.
Для ўдзелу ў аўдыёчарце на Tuzin.fm музыкі абралі менавіта «Песьню для сяброў», бо яна пазытыўная і вясёлая. Суаўтар музыкі Сяргей Трухановіч распавядае, што трэк паўстаў вельмі хутка, у адрозьненьне ад некаторых іншых. Сяргей разам зь Ігарам атрымалі тэкст ад Насты Гулак ды прапрацавалі кампазыцыю па гармоніі і мэлёдыцы, а потым ужо дарабілі падчас рэпэтыцыяў. Твор гэты яны лічаць надзвычай удалым.
Натальля Стрыжак, Tuzin.fm
Крама — Песьня для сяброў (музыка Ігара Варашкевіча і Сяргея Трухановіча, словы Насты Гулак). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Доўгi маршрут, мы не пакiнем тут
Нi ўспамiнаў, нi сьлядоў
Ты не адзiн, ёсьць тысяча прычын
Паехаць да старых сяброў
Гэй, не сумуй, давай ужо стартуй
У нас на радасьць поўны бак
Цiсьнi на газ i не глядзi назад
Там усё было, і ўсё ня так.
Спынiмся раз, калi накрые нас
Кароткi летнi перадых
Сьпi цi гуляй, а хочаш то сьпявай
Дарога роўная для ўсiх!
Доўгi маршрут, мы не пакiнем тут
Нi ўспамiнаў, нi сьлядоў
Ты не адзiн, ёсьць тысяча прычын
Паехаць да старых сяброў
Апасля твора пра дзяучынку гэтая песня Крамы як глыток воздуха, як антыдот. Дзякуй!
Вам так не падабаецца "Дзяўчынка"?
КАМЕНТАВАЦЬ