Падарожжа на “Фабрыку сноў”
Таямнічыя музыкі, якія працуюць у фармаце “інкогніта”, прэзэнтуюць сваю новую песьню – “Фабрыка сноў”. “Тузіну Гітоў” атрымалася зьвязацца з камандай “ультравожыкаў” – Яўгенам Шафам-Уругвайскім, Пятром Адамовічам і сабачкам Ібрагімам. “Мы проста чакалі нагоды, каб ускалыхнуць грамадзкасьць пасьля такога шалёнага посьпеху “Атлянтыды”, - заяўляе адразу Яўген. (архіў ТГ 07.03.2006)
Новая песьня “UltraВожыка” мае назву “Фабрыка сноў”. Яўген і Пётар абслухаліся Kraftwerk, наглядзеліся БТ і задумалі напісаць нешта ў рэчышчы старога “ультравожыка”, але ў больш мэлядычным фармаце, камбінуючы мяккую прыгажосьць сьвету сноў з жорсткім ды тэхнакратычным гукам фабрыкі. Апошняй кропляй натхненьня стаўся момант, калі сябры разам сядзячы ля ўключанага тэлевізара ды едзячы цукеркі заўважылі, што цукеркі гэтыя вырабляюцца на нейкай дзяржаўнай фабрыцы пад назвай “СНОВ”. “Дык яны ня толькі “Панараму” робяць, але й цукеркі!”, - заўважыў Яўген. “Гаў!”, - падтрымаў сабачка Ібрагім.
“Гэтая песьня прысьвечаная ўсім тым, хто яшчэ не прачнуўся”, - падсумоўвае Яўген. Водгукі першых слухачоў “Фабрыкі сноў” былі вельмі пазытыўныя.
Тым часам трыо заўзее за сваю новую песьню ў галасаваньні на “Тузіне Гітоў” і спадзяецца на яе абсалютнае лідэрства ў гіт-парадзе як мінімум цягам пяці сэзонаў.
UltraВожык – Фабрыка сноў
(муз. Я.Шафа-Уругвайскі, П.Адамавіч, сабачка Ібрагім, сл. Я.Шафа-Уругвайскі).
КАМЕНТАВАЦЬ