Песьня-споведзь ад Ilo&Friends (аўдыё)
Гурт зь Беластоку прэзэнтуе ў аўдыёчарце песьню «Сьвечкі», напісаную на словы Анатоля Сыса.
Менавіта гэтую кампазыцыю з свайго новага альбому «Кола» музыкі абралі для ўдзелу ў гіт-парадзе. «Сьвечкі» створаная на верш Анатоля Сыса, які ўвайшоў у зборнік «Пан Лес» (1989). «Кожны з нас мае грэх, віну ці нячыстыя думкі, а калі хто думае інакш дык няхай уважліва ўслухаецца ў словы гэтай песьні ды згадае пра ўсіх тых людзей, якія сустрэліся ў жыцьці», — кажа вакалістка Ilo&Friends Ілона Карпюк. Сьпявачка распавядае, што асабіста для яе працаваць над гэтым трэкам было досыць складана — яна доўга не магла засвоіць музычную канцэпцыю гэтага трэку. «Наш музычны твор складаецца зь дзьвюх частак. Першая — больш інтымная, рухаецца павольна, як той злачынца з тэксту. А другая заахвочвае спаткацца са сваім мінулым і канфрантавацца з сабой. Гэта мяне асабіста вельмі цешыць, бо апошнім часам зьвяртаю ўвагу на ўсе нават самыя маленькія крышынкі аптымізму, прыхаваныя ў найбольш складаных жыцьцёвых сытуацыях», — распавядае Ілона.
Ilo&Friends кажуць, што паверылі ў гэтую песьню, калі зайгралі яе ў Берасьці падчас «Men’s Fest — 2013». Слухачы, якія бачылі гэты гурт упершыню, вельмі прыязна ўспрынялі «Сьвечкі» — танчылі ды сьпявалі і для музыкаў гэта быў сапраўдны ўздым.
Ilo&Friends — Сьвечкі (музыка гурта, словы Анатоля Сыса). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Tuzin.fm, фота Wronaart.pl
Злачынцы брыдуць на споведзь,
як коней, вядуць грахі,
між імі нямая повязь —
ня вырваць аброць з рукі…
А з вуснаў ня вырваць слова. —
Ну што ж вы, прыйшлі маўчаць?
Здыміце хоць шапкі з галоваў,
ня бачыце — сьвечкі гараць!
То вашых ахвяраў душы…
Замрыце! Бо нават рух
сьвятло іх навек патушыць,
і ў цемрыве зьнікне дух.
Маўчыце запозна кленчыць.
…Сьвяты — для сьвятых абраз…
Ідзіце! Ахвяры енчаць —
балюча ім бачыць вас
КАМЕНТАВАЦЬ