Зіма
10237 / 0
01.05.2017

Барыс Штэрн запісаў трэк у падтрымку Ядвігі Паплаўскай (прэм’ера)

Праект «СлухацьЎнавушніках» прэзэнтуе на TuzinFM самотнік «Зіма», які музыкі прысьвяцілі народнай артыстцы Ядвізе Паплаўскай на знак свайго шанаваньня і падтрымкі.

«Зіма» — гэта новы сынгл беларуска-ізраільскага праекту «СлухацьЎнавушніках», які заявіў пра сябе летась дэбютным альбомам, што быў напісаны на трох войнах. Праца над трэкам скончылася літаральна толькі што, таму сьнег, які пайшоў на першамай у Менску, падкрэсьліў актуальнасьць кампазыцыі, мяркуюць музыкі. Праца вялася на фоне скандалу вакол песень Эдуарда Ханка, які пакрыўдзіўся на тое, што яго імя не згадалі на вечары памяці Аляксандра Ціхановіча ды забараніў Ядвізе Паплаўскай выконваць свае песьні, у тым ліку «Завіруху» на верш Генадзя Бураўкіна. Барыса Штэрна закранула гэтая гісторыя. Таму ён прысьвяціў народнай артыстцы Беларусі новы твор свайго праекту.

«Мы разумеем, што спадарыня Ядвіга наўрад ці заменіць „Завіруху“ на нашу „Зіму“, але наш сынгл — гэта падтрымка яе ў сёньняшніх абставінах. Увогуле нам усім не хапае пазытыву, і калі яго няма, то яго трэба ствараць», — сказаў Барыс Штэрн з нагоды прэм’еры на TuzinFM.

Верш спачатку быў напісаны па-расейску, але сам аўтар прызнае, што ў перакладзе Ігара Крэбса тэкст загучаў куды больш аўтэнтычна. Ігар пераклаў ужо нямала вершаў Барыса. Кажа, што хопіць на паўнавартасны альбом.

Музыку да трэку стварыў беларускі электроншчык Сяргей Максімчук, прадусар праектаў Logika Metro/Energun. «Мне было цікава папрацаваць з Барысам, зь якім мы знаёмыя ўжо шмат гадоў. А таксама было прыемна зрабіць трэк у стылі добрых 90-х. Калі гэта спадабаецца Ядвізе Канстанцінаўне, будзе сапраўды хораша!» — кажа Сяргей Максімчук.

Новы альбом «СлухацьЎнавушніках» мае выйсьці сёлета на лэйбле SunWoofer.

Трэк «Зіма» возьме ўдзел у 12-м туры аўдыёчарту на TuzinFM

СлухацьЎнавушніках — Зіма (музыка Сяргея Максімчука, словы Барыса Штэрна, пераклад Ігара Крэбса). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

TuzinFM, фота Макс Лур’е

гэта значыць зіма

у цябе застаюцца надзеі

сярод сьцюжы і льду

сьнегавею

ў сэрцы чужым

гэта скончыцца знай

усё доўжыцца толькі імгненьне

ты фіялка ў сумёце

адзеньня ты шэрань

на лабавым.

 

гэта значыць зіма

гэта значыць

што зноўку на шкле 

ты пакінеш запіску камусьці

у зьмерзлым трамваі

гарады мітусьлівыя ў шале

і ў пустаце

мы вагоны ў дэпо

мы ўсе тыя каго не чакалі.

 

гэта значыць зіма

і нарэшце замярзаюць радкі

шасьціграннай сьняжынкай

сярнічка палае

сэрыял гэта тое ж кіно

і бывае падчас

шэрань проста падстава

шэрань проста паперка пустая.