Ніколі
7074 / 2
28.05.2014

Дзьмітры Нікановіч. Мова трэндова (аўдыёпрэм'ера)

Адзін з самых яркіх маладых сьпевакоў на беларускай эстрадзе дэбютуе ў Tuzin.fm зь песьняй «Ніколі», якая бярэ ўдзел у 16-м туры аўдыёчарту.

Дзьмітры Нікановіч мае 21 год, але ўжо здабыў немалы посьпех на разнастайных конкурсах і фэстах. Яго музычная кар’ера пачалася яшчэ восем гадоў таму, калі ён стаў ляўрэатам конкурсу «Сузор’е надзей». З апошніх дасягненьняў — першая ўзнагарода на міжнародным фэстывалі «Euro Folk — Black Sea 2013» у Баўгарыі і супэрфінал у тэлепраекце «Империя песни» на «Беларусь-2». Малады сьпявак удзельнічаў таксама ў шоў «Академия талантов» на ОНТ.

Дзьмітры мае пяшчотны і экспрэсіўны тэмбр голасу, любіць выконваць вядомыя рамансы і народныя сьпевы, сусьветную поп-клясыку. Песьня «Ніколі», якую ён прадстаўляе ў аўдыёчарце на Tuzin.fm, першы твор, напісаны адмыслова для яго. Аўтар кампазыцыі — Мікіта Найдзёнаў, лідэр гурта Hurma.

«Бывае, што зьдзіўляюцца таму, што я сьпяваю па-беларуску. Апрыёры гэта чамусьці лічыцца „нямодным“, — кажа Дзьмітры. — У адказ на такую рэакцыю я дзіўлюся яшчэ больш. Бо мне падаецца, што песьню робіць любімай і вядомай ня столькі мова, колькі музыка. Але калі разважаць, лічу „беларускамоўнасьць“ адметнай рысай са знакам „плюс“ — гэта шанец разбурыць стэрэатып, што наша музыка ня можа мець эўрапейскага гучаньня. Дзякуй Мікіту за цудоўную, запамінальную паэзію і шырокую, складаную музыку. Кожны радок — кавалачак у тым ліку маёй гісторыі, і я імкнуся данесьці  яе слухачу».

Песьня «Ніколі» запісаная на студыі Orangerecords. Запісам і майстарынгам займаўся Сяргей Чайка, а зьвядзеньнем — Уладзімер Трафіменка.

Афіцыйная старонка сьпевака ­УК.

Tuzin.fm

Дзьмітры Нікановіч — Ніколі (музыка і словы Мікіты Найдзёнава). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Я знайшоў у паветры

Ўвасабленьне тваёй прыгажосьці.

Ды сабе не паверыў,

Нібы гэта мне ўсё падалося.

 

На абшарах сусьвету шукаў падабенства

З табою, ды толькі ўсё марна.

Ты слодыч і горыч, ты суша і мора, ты ява і мара!

 

Ці то сум, ці ўсьмешка

На тваіх захавалася вуснах.

Нават лепшыя вершы

Пра цябе калі скажуць, то схлусяць.

 

Запрашаюць гасьцінна цябе на карціны,

Ды дзе той мастак, што напіша

Твой казачны воблік, пяшчотны, як воблака,

Як сонца і ціша!

 

Прыпеў:

Не адшукаць ярчэй у сьвеце тваіх вачэй,

Як я даўно ў тваёй няволі!

І не спаткаць цяпер, як і раней цябе,

І не спазнаць цябе ніколі!

 

Дні ляцяць, як аблокі, і лунаюць, як у карагодзе,

Дзе ж знайсьці шлях далёкі ў краіну тваёй прыгажосьці.

Па вачах тваіх бачу паўночнае зьзяньне

І хвалі далёкіх прастораў.

Ты наканаваньне, ты выпрабаваньне,

Як шчасьце і гора!

КАМЕНТАРЫ:

  • Анатоль Кудласевич
    Анатоль Кудласевич / адказаць
    28.05.2014 / 19:40

    Цудоўная песня.

  • Searhei Budkin
    Searhei Budkin / адказаць
    28.05.2014 / 19:44

    Сапраўды! Вельмі не стае ў беларускай поп-музыцы песень, напісаных шчыра, сааранжаваных з густам ды прасьпяваных на цудоўнай беларускай мове.

  • КАМЕНТАВАЦЬ