Адліга
7790 / 0
30.03.2016

Уладзімер Пугач. У сэрцы яшчэ завеі (аўдыё)

Лідэр «J:Морс» прадстаўляе ў аўдыёчарце на Tuzin.fm песьню «Адліга» ў новай вэрсіі і разважае з гэтай нагоды пра жыцьцё, боль і патрыятызм.

Песьню «Адліга» Ўладзімер Пугач напісаў на пачатку 2008 году, амаль адразу пасьля выхаду беларускамоўнага альбому гурту  « J:Морс» «Адлегласьць». Зь ёю зьвязаная сумная гісторыя — радок з гэтай песьні «Сэрца жыве» стаў назвай акцыі па зборы сродкаў для апэрацыі па перасадцы сэрца Мішы Ларыну. Апэрацыю зрабілі, музыкі наведвалі хлопца некалькі разоў, ён быў бадзёры і вясёлы, але, на жаль, неўзабаве з-за вірусу памёр.

«Шмат каму з нас даводзіцца ў жыцьці лячыць свае сэрцы, але часьцей у пераносным, у мэтафарычным сэнсе. Гэта гісторыя пра тое, што часам яно здараецца літаральна: „І сэрца жыве і сэрца хварэе…“. І ня варта на гэта забывацца, калі нам здаецца, што нашы душэўныя пакуты — цэнтральныя каардынаты сусьветнага болю», — сказаў Уладзімер Пугач з нагоды прэм’еры «Адлігі» ў чарце на Tuzin.fm.

У гіт-парадзе бярэ ўдзел новая акустычная вэрсія «Адлігі», запісаная для супольнага музычнага праекту «Anima», які быў прэзэнтаваны ўвосень 2015 году з нагоды 250-годзьдзя Міхала Клеафаса Агінскага. Уладзімер Пугач зазначае, што для яго было гонарам стаць часткаю гэтага праекту: «Мне заўжды былі блізкія ініцыятывы, якія грунтаваліся не на камэрцыйнай мэтазгоднасьці і маркетынгавых дасьледаваньнях. А якімі рухала любоў. У дадзеным выпадку любоў да роднай культуры. Гэта быў складаны энэргаёмісты праект і ягоныя аўтары прыклалі нямала намаганьняў для яго ўвасабленьня. Такая форма патрыятызму мне куды бліжэй, чым прынтаваныя вышыванкі».

Новая «Адліга» бярэ ўдзел у аўдыёчарце з 10-га туру.

J:Морс — Адлiга (музыка і словы Ўладзімера Пугача). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

Мінулыя дні, пясок паміж пальцаў,

Успаміны як сны, час абнуляцца,

І нешта замест зусім нечакана,

І люты сыходзіць рана…

 

Прыпеў:

Адліга,

Я стану зрокам, я стану слыхам,

Вачамі крануцца і ледзьве дыхаць

Гэтай адлігай…

 

Дварамі наскрозь, дзе муры адвеку

Утойваюць лёс апошняга сьнегу,

І сэрца жыве, і сэрца хварэе,

У сэрцы яшчэ завеі…

 

Прыпеў:

Адліга,

Я стану зрокам, я стану слыхам,

Вачамі крануцца і ледзьве дыхаць

Гэтай адлігай…