Вясенка
8425 / 0
05.04.2016

«Нагуаль». Гуканьне вясны на новы лад (аўдыё)

Гурт «Нагуаль» прадстаўляе ў чарце на Tuzin.fm сваю новую песьню «Вясенка», у якой асэнсавала старажытны беларускі абрад на новы лад — з моднымі сэмпламі і элемэнтамі першароднага рэпу.

Толькі летась этна-ф’южан фармацыя «Нагуаль» прэзэнтавала сваю першую беларускую песьню, а ўжо сёлета кампазыцыяў на сваёй мове музыкам хапіла на цэлую праграму, якую яны выканалі для наведнікаў курсаў «МоваНанова». «Вясенка» — зусім новы твор, цалкам аўтарскі, у аснову якога пакладзены старажытны беларускі абрад гуканьня вясны. Музыкі яго істотна абсучасьнілі — дадалі сэмплы ды элемэнты чыткі. «Першы радок і мэлёдыя дудачкі прыйшлі ў маю галаву яшчэ мінулай вясной, — распавядае Леанід Паўлёнак. — Першы радок прадыктаваў далейшае разьвіцьцё песьні: увесь час прысутнічае сувязь чалавека з прыродай. Дзеля разнастайнасьці вырашыў дадаць у песьню модны электроны біт, а этна-гіп-гоп выйшаў з нэтраў маёй сьвядомасьці самастойна. Атрымалася такая танцавальна-лірычная кампазыцыя з практычным заклікам: падпявайце і вадзіце карагоды! Хацелася б прысьвяціць яе вясьне і маёй маме».

Наогул жа, «Нагуаль» сьпявае на трох мовах — уласна прыдуманай, расейскай і на роднай. І матэрыялу хапае на кожнай, таму паралельна рыхтуецца два альбомы — адзін на зразумелых мовах, другі — на фанэмнай. «Вясенка» прадстаўлена ў якасьці сынглу, які ўвойдзе ў праграму шаманскага рок-н-ролу, якую гурт мяркуе прадставіць у туры па Беларусі, а таксама падчас сваіх сэтаў на «Фэсьце кулікоў» у Тураве (23.04) і на галоўнай сцэне буйнога расейскага фэстывалю «Дзікая мята» (25.06).  Сачыць за навінамі гурту можна праз афіцыйныя суполкі — FB/УК.

Нагуаль — Вясенка (музыка і словы Леаніда Паўлёнка). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Вось прыйшла вясенка ў нашыя краі,

Сонейка зайграла, пчолкі загулі,

Птушачкі шчабечуць зранку ля зямлі.

Вось прыйшла вясенка ў нашыя краі.

 

Прыпеў:

Гу-гу-гу, гу-гу-гу гукаем вясну,

Водзім карагоды.

Гу-гу-гу, гу-гу-гугукаем вясну

Ад згоды да прыгоды.

 

Ручаёк блакітны набірае моц.

Конік расцугліўся, пракусіў аброць.

Коцікі мармочуць пад вокнамі ўначы,

Складаюць свае песьні ў чатыры галасы.

 

Прыпеў:

Гу-гу-гу, гу-гу-гу — гукаем вясну,

Водзім карагоды.

Гу-гу-гу, гу-гу-гу гукаем вясну

Ад згоды да прыгоды.