U.G.Oslavia: «Вольскаму не закаціла, а Паўлаў сказаў тыпу клясна» (аўдыё)
Гурт U.G.Oslavia прэзэнтуе ў аўдыёчарце на Tuzin.fm быць можа сваю апошнюю песьню — кавэр на гіт N.R.M. «Фабрыка». Прынамсі, музыкі намякаюць, што ў іх маюць адбыцца карэнныя зьмены.
Песьню «Фабрыка» гурт U.G.Oslavia задумалі зрабіць яшчэ да трыб’юту N.R.M., які плянаваўся быў да выхаду на 20-годзьдзе каманды. Яны яе запісалі ў студыі, але дыск так і ня выйшаў — музыкі вырашылі падаць свой кавэр на конкурс «Засьпявай 3.0» і трапілі ў фінал. «Мы вельмі расстроіліся, калі Лявон Вольскі, які быў у журы, анічога не сказаў на адрас нашай вэрсіі. Думала, можа парадуецца, але, відаць, не закаціла. А Піт Паўлаў сказаў: „тыпу клясна!“», — распавядае харызматычная вакалістка каманды Юлія Багаслаўская. Гэта другая беларускамоўная песьня ў яе рэпэртуары — першай была аўтарская рэч «Маладосьць».
Адносна сваёй канцэпцыі музыкі кажуць так: «Мы вызначаем свой стыль, як „рок-н-рол і бла-бла-бла“. Мы нясем весялосьць, радасьць і пазытыў, якія, праўда, падыходзяць да завяршэньня», — таямніча зазначае Юля. Яна пакуль ня хоча казаць пра будучыню, але зразумела, што яна ўся думкамі ў новым праекце. «Усё мусіць адбыцца лягічна і слушна. Сачыце за нашымі навінамі», — дадае яна.
Гурт U.G.Oslavia на сцэне пяць гадоў. За гэты час музыкі выдалі два альбомы і паўдзельнічалі ў фэстах у Беларусі, Украіне і Расеі, намінаваліся на «Дэбют году» на прэміі «Rock Profi — 2014». Сачыць за гуртом можна праз афіцыйную суполку.
Паслухаць на Soundcloud
U.G.Oslavia — Фабрыка (музыка і словы Лявона Вольскага). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Tuzin.fm
І вось гэты новы дзень —
Дзень адзін з ланцугу,
І я ў вакно глядзеў
Праз імжу, праз смугу…
Выбіраеш — выбірай
Каляровы небакрай,
Выбіраеш — выбірай
Дзіўны край Індакітай…
Толькі фабрыка ў маім акне
Будзе жыць у летаргічным сьне.
Толькі фабрыка ў маім акне
Не прачнецца нават па вясьне…
Прыйшоў гэты новы дзень
І згарэў, не сагрэў…
І ты ў гэты новы дзень
Пасталеў, пастарэў…
Робіш выгляд — я раблю,
Што люблю ўсю Зямлю.
Добры вечар, добры дзень —
Нібы колы па вадзе.
Толькі фабрыка ў маім акне
Будзе жыць у летаргічным сьне.
Толькі фабрыка ў маім акне
Не прачнецца нават па вясьне…
Прыйшоў невядома хто,
Шэры твар, бляклы твар
І сказаў, што цяпер ён тут
Гаспадар, гаспадар…
І можна ўсё забыць,
Есьць і піць, сноў ня сьніць;
І можна набыць віно
І глядзець у вакно.
Разумееш — зразумей,
Што ня згас яшчэ агмень,
А калі агмень ня згас —
Нам згасаць яшчэ ня час!
Толькі фабрыка ў маім акне
Будзе жыць у летаргічным сьне.
Толькі фабрыка ў маім акне
Не прачнецца нават па вясьне-эээээ!
КАМЕНТАВАЦЬ