Людзі, дзе вы?
12293 / 0
08.09.2016

Pauline: «Людзі, дзе вы?» (прэм’ера!)

Гурт Pauline прадстаўляе ў 1-м туры сэзону 2016/2017 на Tuzin.fm сваю новую песьню «Людзі, дзе вы?», у якой сьпяваецца пра сапраўдную праблему, зь якой сутыкаюцца людзі ў XXI стагодзьдзі.

«Людзі, дзе вы? Так многа вас побач, а як быццам нікога няма», — сьпявае Паліна Цімохіна. Гэта словы зь вершу «Смутак гораду» паэткі Ірыны Багдановіч. «Мяне вельмі крануў гэты твор, таму вырашыла пакласьці яго на музыку. Вялікую актуальнасьць ён мае для нас, бо сапраўды часьцяком людзі ня бачаць адзін аднаго, хоць і жывуць побач. Гэта праблема нашага часу».

Дэма-варыянт гэтай песьні сьпявачка падала на конкурс «Засьпявай 3.0» у намінацыю «Беларускі кавэр» і трапіла ў фінал. Цяпер музыкі прэзэнтуюць яе ў студыйным варыянце і пад іншай назвай. Запісаная кампазыцыя ў абноўленым складзе, у які ўваходзяць: Паўліна (вакал, словы, музыка), Андрэй Анісімаў (бас), Андрэй Пудзін (гітара), Вераніка Крупіца (клявішы), Аляксандар Трухан (бубны).

Летась каманда атрымала званьне «Адкрыцьцё году» на прэміі «Героі году» і зьбіраецца падмацаваць гэтае прызнаньне новым альбомам, праца над якім цяпер вядзецца. Паўліна кажа, што рэліз будзе цалкам беларускамоўным: «Нашай мовы дужа не хапае ў жыцьці, таму я вырашыла, што яе можна браць зь песень», — кажа на гэты конт сьпявачка.

Паслухаць песьню на Soundcloud

Pauline — Людзі, дзе вы (музыка Паўліны, словы Ірыны Багдановіч). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

Зноў вяртацца ў пустую кватэру,

Ведаць пэўна: у глухія дамы,

I ніхто не пастукае ў дзьверы,

He парушыць спакой твой нямы.

Прабіраецца ў скроні трывога,

Ахінаюць душу халады —

Ўсё было і ня стала нічога

Ў гэты дзень незямной пустаты.

 

Людзі, дзе вы?

Так многа вас побач,

А як быццам нікога няма.

He заўважыўшы ў бліжняга роспач,

Вы праходзіце міма штодня.

 

Нас чакае бэтонным красвордам

Разгароджаны кубамі дом.

Мы ў ім літарай,

Кожны — асобнай,

Ад вялікага слова жывём.

Мнагалюдны расквечаны горад,

Адзіноцтвы трамваі вязуць,

Паміж сьценкамі шчасьце і гора

На тым самым паверсе жывуць.

 

Зачыняюцца дзьверы грунтоўна…

Хтосьці стукае лёгкай рукой —

Гэта смутак у вобліку поўні

Завітаў у самотны пакой.