 
		Akute: «Песьняры» ў генэтычным кодзе нашым (аўдыёпрэм’ера!)
Гурт Akute падрыхтаваў для праекту «Re:Песьняры» сваю вэрсію песьні «Алеся», запісаную з жывой віялянчэльлю.
	Песьню «Алеся» напісаў кампазытар Ігар Лучанок на просьбу аўтара гэтага бездакорнага вершу — Аркадзя Куляшова. Ігар Міхайлавіч згадаў у камэнтары для Tuzin.fm, што было гэта на пачатку 70-х. Яны сябравалі між сабой, і Куляшоў зьвярнуўся з просьбаю — «напісаць шлягер». У рэпэртуар «Песьняроў» гэтая песьня ўвайшла ў 1972 годзе. Упершыню на гнуткай кружэлцы-дадатку да часопісу «Кругозор», а потым увайшла на другі нумарны альбом «Песьняроў», вядомы пад назвай «Алеся» (1974). Першапачаткова яе выконваў Леанід Барткевіч, пасьля яго сыходу з калектыву — Ігар Пеня, а цяпер у складзе БДА «Песьняры» яе сьпявае Алег Жалазьнякоў. Менавіта гэтую песьню ўзялі для выкананьня музыкі з гурта Akute.
	«„Песьняры“ зьяўляюцца той самай карэннай спадчынай, якая падаецца, ужыта ў самім генэтычным кодзе беларусаў наўпрост», — разважае ўдзельнік гурта Раман Жыгараў. Вакаліст Стас Мытнік дапаўняе: «Я дык ня ведаю ніводнага чалавека, які сёе-тое зь „Песьняроў“ не напяе. Натуральна так і з намі, бо вырасьлі і сацыязаваліся мы менавіта ў беларускім асяродзьдзі».
	Хлопцы прызнаюцца, што кавэры ў межах Akute ім граць нецікава і ад прапановаў на гэты конт яны звычайна адмаўляюцца. Але ня ў гэтым выпадку. «Нам досыць складана падабраць тую песьню, якая б магла пасаваць па духу, эмацыйна, і пры гэтым падыйшла б у музычным пляне, — кажа Раман. — У песьні „Алеся“ ўсё сыйшлося, па выніку атрымалася сапраўды наша песьня!» 
	Для наданьня адпаведнага настрою, Akute вырашылі запісаць гэтую песьню з жывой віялянчэльлю Дар’і Цішковай.
	Akute — Алеся (музыка Ігара Лучанка, словы Аркадзя Куляшова). Зьмяшчаецца з асабістай згоды Ігара Лучанка.
Tuzin.fm
	Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая,
	Чаму так горка? Не магу я зразумець…
	Шкада заранкі мне, што ў небе дагарае
	На ўсходзе дня майго, якому ружавець.
	Пайшла, ніколі ўжо ня вернесься, Алеся.
	Бывай смуглявая, каханая, бывай.
	Стаю на ростанях былых, а з паднябесься
	Самотным жаўранкам зьвініць і плача май.
	Пайшла, пакінуўшы мне золкі і туманы,
	Палынны жаль смугой ахутаных дарог.
	Каб я хвілінаю нанесеныя раны
	Гадамі ў сэрцы заглушыць сваім ня мог.
	Пайшла, ніколі ўжо ня вернесься, Алеся.
	Бывай смуглявая, каханая, бывай.
Стаю на ростанях былых, а з паднябесься
	Самотным жаўранкам зьвініць і плача май.
 
                                    



очередное УГ от самой унылой группы Беларуси
КАМЕНТАВАЦЬ