Ганна Крамэр: «Кантры можа быць беларускім» (аўдыё)
Вакалістка гурта «Мерада» разам з музыкамі з гуртоў «J:морс» і «Эльдорадо» зрабіла жаночы варыянт гіта гурта «Бонда» пра Койданава ў кантры-стылістыцы. Песьня ўдзельнічае ў першым «Засьпявай-туры» на Tuzin.fm.
«На станцыі Койданава» — песьня гурта «Бонда», на якую ў 1989 годзе быў зьняты адзін зь першых беларускіх кліпаў. 30-гадовая сьпявачка Ганна Крамэр адкрыла для сябе гэтую песьню і гэтую каманду дзякуючы свайму мужу — Стыву Крамэру, які ў 80-я быў гукарэжысэрам гэтай каманды. «Для мяне „Бонда“ апынулася сапраўдным адкрыцьцём. І калі я вырашыла паўдзельнічаць у намінацыі „Беларускі кавэр“ у конкурсе „Засьпявай 3.0“, то ў мяне іншых варыянтаў не было. Захацелася зрабіць менавіта „Койданава“ — песьню з такім выразна брутальным тэкстам пра мужыкаў, якія разгружаюць машыны, пра электрычную зварку. Але зрабіць ейны жаночы варыянт, больш далікатны», — распавядае Ганна.
Адмыслова для гэтага запісу сабраўся новы праект, у які ўвайшлі гітарыст гурта «Мерада» Сяргей Бальцэвіч, басіст «J:морс» Валеры Дасюкевіч, скрыпач гурта «Эльдорадо» Віталь Хрушчоў, бубнач з «Эльдорадо» Дзьмітры Дзядзечка, а таксама ўдзельнік гомельскага гурта Place to Be Вадзім Міцько, які сыграў на губным гармоніку. Песьню вырашана было зрабіць ва ўлюбёным стылі Ганны Крамэр — кантры: «Гэтую музыку ўжывую я ўпершыню пачула ў 18 гадоў, калі была ў Ірляндыі. І літаральна закахалася ў яе. Мне здаецца, што гарманічна і мэлядычна яна вельмі падобная да беларускай музыкі — ёсьць у ёй тое, што кранае сэрца».
Новую вэрсію «Койданава» ўхвалілі як аўтар тэксту Адам Глёбус, так і сааўтар музыкі і яе першы выканаўца Ігар Варашкевіч. Ганна Крамэр кажа, што з задавальненьнем перасьпявала і некаторыя іншыя песьні «Бонды» — сярод яе ўлюбёных «Хлопец дурны», напрыклад.
Цяпер сьпявачка разам з Стывам Крамэрам рыхтуе да выданьня новы альбом «Мерады», а таксама кліп. Сачыць за навінамі ейнага гурта можна праз афіцыйную суполку.
Паслухаць песьню на Soundcloud
Ганна Крамэр — На станцыі Койданава (музыка Ігара Варашкевіча, Івана Маркава, Сержука Кныша, словы Адама Глёбуса). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Tuzin.fm
Зачапілася хмара за коміны над хлебазаводам,
На рэмбазе зьвінела, заходзілася цыркулярка,
Уздымаўся да неба драўляна-бурштынавы водар,
За касілкаю сыпала трэск электрычная зварка.
На станцыі Койданава
На станцыі Койданава
Пад дажджом разгружаючы моўчкі машыну з прычэпам,
Мужыкі пад паветку ўскладалі мяхі з угнаеньнем,
Учарнелае лісьце спрачалася з ботамі шэптам,
Пахла вуліца хлебам і восеньню да ачмурэньня.
На станцыі Койданава
На станцыі Койданава
КАМЕНТАВАЦЬ