Асьцярожна, лістапад
8465 / 0
08.10.2016

Пётар Клюеў. Зроблена ў Беларусі (аўдыё)

Пётар Клюеў разам з гуртом «Амплітуда сьмеласьці» прэзэнтуе ў аўдыёчарце на Tuzin.fm новую вэрсію свайго галоўнага гіта — «Асьцярожна, лістапад». Тэкст да выкананьня сьпеваку прапанаваў паэт Генадзь Бураўкін незадоўга да сьмерці.

«Асьцярожна, лістапад» напісаная на верш паэта, які дагэтуль не друкаваўся. Гэтая ды шэраг іншых песень зьявіліся ў выніку знаёмства Пятра Клюева і Генадзя Бураўкіна. Музыка прэзэнтаваў ужывую гэты твор 28 траўня 2014 году, а праз два дні спадар Генадзь пайшоў у іншы сьвет. Першы студыйны запіс зьявіўся на знак памяці да яго — 31 траўня. З таго часу Пётар Клюеў выконвае яе паўсюль і нават АМАП яму ня можа ў гэтым перашкодзіць.

Гэтаю песьняю Пятро Клюеў разам з гуртом «Амплітуда сьмеласьці» скарыў журы ўкраінскага шоў «Х-Фактар». Асабліва яна прыйшлася даспадобы прадусару Канстанціну Меладзэ, што праўда ў тэлеэтэр трапіла другая выкананая кампазыцыя — кавэр на песьню «Crazy Little Thing Called Love» Фрэдзі Мэрк’юры.

Цяпер «Асьцярожна, лістапад» выдадзены сынглам. Пятро мае намер прасоўвацца з гэтым творам далей. «Для мяне важна, каб беларуская мова загучала ня толькі ў беларускай прасторы, але і за мяжой. Бо чамусьці сфармаваўся такі стэрэятып, што беларускае — гэта нешта другараднае, пакуль не атрымае ўхвалы ў іншай краіне. Ад таго і музыкі зьяжджаюць у пошуках лепшай долі і славы. А я хачу давесьці, што можна тут рабіць якасныя рэчы па-беларуску, якія пойдуць у народ», — заўважае выканаўца. Акром яго ў запісе песьні ўзялі ўдзел музыкі гурта Trubetskoy — гітарыст Руслан Уладыка і бубнач Аляксандр Старажук, а таксама басіст Сяргей Адамовіч.

Паслухаць на Soundcloud

Пётр Клюеў — Асьцярожна, лістапад (музыка Пятра Клюева, словы Генадзя Бураўкіна). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

Асьцярожна — лістапад. Асьцярожна… (2 разы) 

Закружылася мяцеліца жоўтая.

Так хачу, каб да мяне сёньня

Хоць на міг, хоць у сьне

Прыйшла ты.

Асьцярожна — лістапад. Асьцярожна… (2 разы)

Гэта падаюць мае пісьмы.

Так баюся, каб у сьвеце прасторным

Мы з табою, мілая мая,

Не разышліся.

Асьцярожна — лістапад. Асьцярожна… (2 разы)

Гэта лета маё аблятае.

І стаю я пасярод восені.

Твая тонкая бярозка залатая.

Асьцярожна — лістапад. Асьцярожна…

Асьцярожна — лістапад. Асьцярожна… (6 разоў)