
:B:N: і Tony Fadd: «Штыль — гэта ня наш стыль!» (прэм’ера самотніка!)
Гурт :B:N: прадставіў новую песьню «Хвалі», запісаную пры ўдзеле намінанта на «Грэмі» Тоні Фэда.
Музыкі прымеркавалі прэм’еру да Дня ўсіх закаханых і такім чынам абвесьцілі пра пачатак працы над новым альбомам, які будзе запісвацца цягам гэтага году. «Гэта наш першы самотнік з будучай кружэлкі, якая будзе адрозьнiвацца ад папярэдняй нашай працы экспэрымэнтамi, гучаньнем, новымi iнструмэнтамi, а таксама не выключаю, што i дуэтамi», — зазначыў у камэнтары для Tuzin.fm вакаліст :B:N: Алесь Лютыч.
У запісе новай песьні «Хвалі» акром асноўнага складу гурту ўзялі ўдзел клявішнік Даніла Лях, а таксама прадусар Tony Fadd (Антон Мацулевіч), намінаваны сёлета на «Грэмі» ў дзьвюх намінацыях. «Антон зрабіў вельмi цiкавыя мiнiмалiзмы ўсялякiх гукаў, якiя модна называць бiтамi. Мы дадалi гэтыя бiты да жывых бубнаў i атрымалася фiрмова ды якасна», — тлумачыць Алесь. Тэкст да кампазыцыі гурта напісаў Яўген Бузоўскі, гітарыст гурта IQ48. Гэта ня першы ягоны досьвед у якасьці аўтара песень для :B:N: — у дыску «Крок за крокам» ён напісаў словы для песень «Напрыканцы», «Праз туманы» і «Клюб 27».
«Сваёй новай песьняй мы хочам прынесьці вясновы настрой. Усё ў гэтым сьвеце ідзе хвалямі, ніякага штылю, штыль — гэта ня наш стыль! Гэтую песьню мы дорым сваім каханым, родным, сябрам, і, натуральна, нашым прыхільнікам! Любіце і беражыце адзін аднаго ды часьцей усьміхайцеся!» — вядзецца ў анатацыі да самотніку.
Песьня «Хвалі» возьме ўдзел у 8-м туры нашага аўдыёчарту. Жывая прэм’ера песьні адбудзецца на прэміі «Даём рады» 27 лютага.
Tuzin.fm
Хвалi змыюць увесь гэты Cьвет
Змыюць тлум i аркушы газэт,
Панясуць праз прастору, праз час
Толькi ты ўсьмiхнiся —
Хвалi лашчаць нас.
Усё змые з твару Зямлi,
Нiбы ў звонкiм увесну ручаi
Панясе i прастору i час.
Толькi ты не журыся —
Хвалi лашчаць нас.
Хвалi праз сэрцы i праз словы
Хвалi вышэйшыя за горы
Хвалi гiсторыi сакрушаць гмах
Хвалi змыюць твае сьлёзы
Хвалi рана альбо позна
Хвалi разьвеюць пыл у тваiх руках
Прагоняць страх
Будзем з даху з табой назiраць
Як вада ў пакой прыбываць
Будзе. Змые прастору i час
Толькi ты ўсьмiхнесься —
Хвалi лашчаць нас.
Хвалi праз сэрцы i праз словы
Хвалi вышэйшыя за горы
Хвалi гiсторыi сакрушаць гмах
Хвалi змыюць твае сьлёзы
Хвалi рана альбо позна
Хвалi разьвеюць пыл у тваiх руках
Прагоняць страх
КАМЕНТАВАЦЬ