Душа-яліна
7698 / 0
29.09.2016

BY CRY. Ялінка гары! (аўдыё/відэапрэм’ера!)

Гурт BY CRY прэзэнтуе на Tuzin.fm свой новы сынгл «Душа-яліна» і кліп на яго.

Самі музыкі называюць сваю каманду «дзіцём постмадэрнізму». «Наша музыка мэтанакіравана прабуджае моц духа, абуджае стыхію радасьці і нястрыманую свабоду весялосьці», — кажа сьпявачка Аляксандра Грахоўская, якая і аб’яднала вакол сябе адзінадумцаў тры гады таму, каб зрэалізаваць даўнюю мару — запісаць альбом. Што пасьпяхова і было зроблена праз год. BY CRY паўдзельнічаў у шэрагу музычных фэстаў ды зборных канцэртах, зьезьдзіў на «Басовішча», працягнуў працу ў студыі, але надалей паўнавартасныя дыскі вырашыў пакуль не запісваць.

«Да нас прыйшло разуменьне таго, што прэзэнтаваць свае песьні асобным альбомам мы ня можам, бо кожны з нашых твораў — гэта самастойны сьвет. Таму ад нас можна пачуць і поп-рок, і гард-кор, і гранж, і фанк, і панк. Такім чынам мы дапамагаем праявіцца канцэптуальнаму зьместу кожнай асобнай песьні», — тлумачыць Аляксандра. Улюбёны прыём музыкаў — зьвяртацца да народных сьпеўных здабыткаў, але падаваць іх па-свойму. Яскравы прыклад таму — новая праца BY CRY«Душа-яліна», які прэзэнтуецца ў аўдыё- і відэа выглядзе. У яе запісе ўзялі ўдзел Аляксандра Грахоўская (вакал), Леў Бабаеўскі (ударыя), Аляксандар Маркевіч (бас-гітара), Сяргей Стэц (гітара), Яўген Валакіцін (акардэон), Марыя Сазонава (вакал). Праца вялася на дзьвюх студыях — Ільля Дмуха на «Галапагос studio» запісаў бубны, бас, зрабіў майстэрынг і зьвядзеньне, а на Cherry Records Studio Яўген Валакіцін запісаў гітару, вакал і акардэон.

Кліп на «Душа-яліна» здымаўся на хутары ў Вайцюшках. Музыкі дзякуюць ягонаму гаспадару Зьмітру Вайцюшкевічу за такую магчымасьць. Разам з Аляксандрай Грахоўскай у ім зьняліся акторкі рэспубліканскага тэатру беларускай драматургіі Марыя Пятровіч, Марына Дзямідчык, Гражына Быкава. Апэратарам роліку стаў Максім Бабіч, а рэжысэркай — сама Аляксандра. BY CRY таксама дзячыць за падтрымку і дапамогу Віктару Старухіну, Весьце Бабіч, вакалісту гурта Sontsevorot Аляксандру Бузуну, Максіму Грахоўскаму.

Сачыць за навінамі гурта можна праз суполкі УК/FB ды афіцыйны сайт.

Песьня «Душа-яліна» возьме ўдзел у другім туры аўдыёчарту ў сэзоне 2016/2017. Яе можна паслухаць таксама на нашым канале на Soundcloud.

Tuzin.fm

BY CRY — Душа-яліна (музыка гурта, словы — Аляксандра Грахоўская/народныя). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы

Хай гарыць душа мая, яліна,

Ветрамі разорваная песьня твая.

Бессаромна крыкамі надарвана

Дыхай! Цягні!

У далёкі крывы шлях ісьці!

 

А-і-яй! Неба, ты мяне чакай!

Разальюся яварам, туманамі.

А-і-яй! Сон травы зь мяне зьбірай

Лёгкімі, цёплымі ранамі!

 

Мамачка мая, ты золыта-золыта

Не аддавай мяне ты сёлета.

Я некранутая дыхала, дыхаю,

У горачы-роспачы маю душу.

Сонцам залітае, небам амытае

Маё каханьне.

Не замутнёная, не абгарэлая

Доля мая.