Пінокіё
6057 / 0
27.04.2017

Старая гісторыя на новы лад. Пушной і Папакуль ажывілі «Пінокіё» (аўдыё)

Празь перапынак у 13 гадоў гурт «Апотом» прэзэнтуе ў чарце на «Тузіне Гітоў» сваю песьню. Трэк «Пінокіе» запісаны разам з гуртом расейскага шоўмэна Аляксандра Пушнога.

У песьні пра «Пінокіё» — няпростая гісторыя. Яна зьявілася ў ангельскамоўным варыянце ў 1995 годзе на музыку ўдзельніка каманды Вячаслава Прастакова, які празь пяць гадоў бясьсьледна зьнік. І праз 13 гадоў яго калегі дазналіся, што яго няма ў жывых і вырашылі адрадзіць гэтую тэму, пераклаўшы яе на беларускую. У запісе новай вэрсіі кампазыцыі ўзялі ўдзел гітарыст гурта «Петля пристрастия» Іван Селішчаў і лідэр праекту «Ў нескладовае» Раман Арлоў. Яна яшчэ нявыдадзеная, затое запісаная яе іншая вэрсія — разам з гуртом «Пушной Band».

Расейскі шоўмэн Аляксандар Пушной і лідэр «Апотом» Кірыл Папакуль, беларускі актор ды рэжысэр, які працуе ў Маскве, на пачатку 00-х былі зоркамі Клюбу вясёлых і кемлівых. З тых часоў і сябруюць. Цікава, што Пушной браў удзел і ў папярэднім беларускамоўным нумары каманды Папакуля — «Песьні сапраўднага каўбою», якая была ў лідэрах чарту на «Тузіне» ў 2003 годзе. Гэта ён спрачаецца з каўбоем Білі.

Пушной прадставіў «Апотом» сваім музыкам такімі словамі: «Хлопцы, слухайце, ёсьць такі гурт: у іх выбітныя песьні, але граюць яны іх хранова». Аляксандар кажа, што «Пінокіё» зачапіла яго крутой музыкай, а беларуская мова, у якой ён зусім ня цяміць, толькі дадае трэку надзвычайны шарм. Што да параўнаньня гэтай вэрсіі песьні з «Enter Sandman» групы Metallica (камэнтар на гэты конт пад live-відэа «Пінокіё» набраў 270 лайкаў), то лідэр «Пушной Band» лічыць гэта за найвышэйшы камплімэнт. Сам жа Кірыл Папакуль зазначае: «Для мяне такая паралель невытлумачальная, бо гэта зусім розныя песьні. Але, калі параўноўваць па гучаньні і выкананьні, то чаму і не — бэнд Пушнога сапраўды на вышыні!» 

Песьня «Пінокіё» возьме ўдзел у аўдыёчарце з 11-га туру галасаваньня.

Апотом feat. Пушной Band — Пінокіё (музыка Вячаслава Прастакова, словы Кірыла Папакуля, Канстанціна Жукава, Аляксандра Дзямешкі). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

TuzinFM

Драўляны хлопчык жыў ды быў,
У школу з азбукай хадзіў.
Базыль з Алісай зь лесу ішлі
І хлопцу ў вуха гаркнулі:

«
Эй-ё! Чаго ты лётаеш бяз шлему,
Гнілое бервяно!
Закон наймацнейшых ты парушыў!
Гані бабло!
Пінокіё!»

Паклікаў хлопец сябрукоў, 
І лялькі зь люлек паўставалі,
Жывёлаў сьціснулі з бакоў
І ціха-ціха запыталі:

«Эй-ё, зь якога вы мікрараёну,
Хвастатае мурло!
Закон усіх пакоцаных парушан!
Трымай у табло!
На! Ха! За Пінокіё!»

Прыпеў:
Тата Карла і Джузэпэ,
Артымоныч і Мальвіна,
Карабаска-Барабаска,
Дурымар ды Арлекіна,
Чмо П’еро ды іншыя лялькі,
Жабы, лісы і каты
Забяруць цябе ў пекла
Назаўжды.