Арлы
5085 / 0
24.01.2017

IQ48 адлятаюць (аўдыё)

Гурт IQ48 возьме ўдзел у аўдыёчарце на Tuzin.fm зь песьняй «Арлы», якая была запісаная ў дуэце з музыкам і шоўмэнам Ільлём Маліноўскім.

Гэтую песьню Аляксандар Ракавец і Яўген Бузоўскі адразу задумалі, як дуэтную. Прычым з канкрэтнай асобай, пра што сьведчыць канкрэтная цытата ў іх тэксьце. Меркавалася яе выканаць зь лідэрам гурту «Крама» Ігарам Варашкевічам. Той пагадзіўся, але празь недахоп часу ды іншыя праблемы запіс так і не адбыўся. «Але мы не адмовіліся ад ідэі зрабіць гэтую песьню з госьцем. І на музычнай прэміі „Даём рады“ мы пачулі Ільлью Маліноўскага з гуртом „Дрымон“. І нам так спадабалася яго манера і голас, што прапанавалі яму запісаць дуэт», — распавядае вакаліст IQ48 Аляксандар Ракавец. «Я рады, што мяне запрасілі пасьпяваць. Для мяне гэта быў выдатны досьвед перад запісам дэбютнага альбому маёй каманды», — кажа Ільля Маліноўскі.

Песьня «Арлы» ўвайшла ў чацьверты студыйны альбом IQ48 «Трымай свой час», які выйшаў пры канцы 2016-га. Пасьля яго жывой прэзэнтацыі заснавальнік, гітарыст і суаўтар песень каманды Яўген Бузоўскі нечакана заявіў пра свой сыход. Будучыня гурту досыць цьмяная. Аляксандар Ракавец кажа, што гурт прыпыніў сваю дзейнасьць і невядома ці зьбярэцца ізноў. А вось Ільля Маліноўскі настроены больш аптымістычна: «Мне падаецца, што ў хлопцаў яшчэ ўсё можа атрымацца. Урэшце гэта ня першыя зьмены ў гурце: сыходзіў жа другі вакаліст і сузаснавальнік гурту Фройд, потым была адмова ад саксафона і пераход да клясычнага рок-складу. Так што я спадзяюся, што яны працягнуць дзейнасьць».

IQ48 feat. Ільля Маліноўскі — Арлы (музыка гурту, словы Аляксандра Ракаўца і Яўгена Бузоўскага).

Tuzin.fm

Толькі сам абіраеш месца для кроку,

З музыкай наперавес, зь сябрамi пад бокам,

Адважнай птушкай узьнясецца вар’ят,

Ён жыве ў вышынi i ні кроку назад!

Арлы прагнуць сонца, iм душна ў хмарах,

Неба — лёс арла, мэта i мара!

Як рыбы ў вадзе яны ў нябеснае тэме,

Над караблямi гарадоў арлоў лунае племя.


Арлы мінаюць горы

Iх вольнага імпэту,

Хопiць усiм, панове,

Нават цэламу сьвету!

Расьсякаючы хмары,

Арлы ляцяць да нас

Узьняць блiжэй да сонца

У новы час!


Цела не здаецца, пакуль сэрца б’ецца,

Грукае бітам, наперад імкнецца,

У зачыненыя дзьверы б’емся разам,

Нават калі за імі параза.

Іскры ляцяць і полымя гарыць,

Дусту ня хопіць нас прыпыніць,

І з кожным днём арлы ўсё мацней,

Блiжэй да сонца, усё вышэй і вышэй!