Terrakod. Сэкс, дуда і брудныя танцы (аўдыё)
Берасьцейскі гурт Terrakod прадстаўляе ў новым сэзоне аўдыёчарту на Tuzin.fm сваю песьню-візытоўку «Брудныя танцы», у якой закладзены асноўны сэнс іх творчасьці.
«Брудныя танцы» была выдадзеная на першым самотніку Terrakod «Paspality — Miata» ў падтрымку новага альбому. Дзіўным чынам трэк, які фактычна зьяўляўся дадаткам да асноўнай тэмы, стаў з часам галоўным гітом каманды. «Ёсьць песьні, якія самі музыкі любяць больш ці менш, а ёсьць такія, якія падабаюцца нават кіроўцам падчас гастроляў. „Брудныя танцы“ — акурат такі нумар», — прадстаўляе трэк вакаліст каманды Байсан. Небанальная аўтарская рэпавая ўстаўка ў фальклёрны тэкст ад Байсана зьяўляецца перакладам старога расейскамоўнага тэксту, які аўтар выконваў разам зь Бігі ў часы свайго гомельскага пэрыяду, і адзіным выпадкам перакладу яго тэкстаў з мовы на мову.
Самі музыкі між сабой называюць гэты трэк «Мхоўская», бо ў ёй самым выразным чынам чуваць Валеру Моха — дудара каманды і яе самага стабільнага ўдзельніка. Наогул жа гэты нумар — апафэоз канцэпту дэбютнага альбому Terrakod. Музыкі кажуць, што ў ёй увасабляецца іх канцэпцыя, якая гучыць так: «Сэкс, дуда і брудныя танцы».
«Брудныя танцы» ад Terrakod неўзабаве пачуюць ва Ўкраіне і Польшчы — цяпер акурат узгадняюцца даты туру па гэтых краінах. Да ўсяго гурт зьбіраецца зьняць адразу некалькі відэакліпаў на свае песьні. Ня выключана, што і гэты трэк атрымае сваё відэаўвасабленьне.
Сачыць за навінамі каманды можна празь іх афіцыйную суполку.
Terrakod — Брудныя танцы (музыка гурта, cловы — народныя/Байсан). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Tuzin.fm
Я ў крывога танца,
Я ў крывога танца
Не вывяду вянца.
Лёлюшкі, лёлі, лёлі,
Не вывяду вянца.
Ветачка ўпала,
Ветачка ўпала,
Што сьвёкар канае,
Лёлюшкі, лёлі, лёлі,
Што сьвёкар канае,
пад ветрам рахманым брудныя танцы
кіпіць твая карма і варта застацца
застацца сабой
Ветачка ўпала,
Ветачка ўпала,
Ой, дайця, мне дайця,
Цялегу ламану,
Ой, каб жа мне ехаць,
Ехаць, не даехаць,
Ой, каб жа мне плакаць,
Плакаць, не даплакаць.
пад ветрам рахманым брудныя танцы
кіпіць твая карма і варта застацца
кожны з нас меў жаданьне застацца
60 на гадзіну без гулу авацый
грацый сэнсацый залы танцполы
глядзі на альбомы — там няма болей нас
фразы без мазы, ці трэба вяртацца?
тут і цяпер бо душа не фрыланс
вось мой драм вось мой бас
сэкс рок н рол драгс і гэта нязьменна астатняе потым
у попелу храмы ля вострае брамы
мы танчым вякамі ці спыніць хто нас?
жыцьцё – нешта болей за глыток кока колы
і ўсе мае тайны вазьмі як аванс
КАМЕНТАВАЦЬ