Каб адчуць сябе сабою. «Ворона» вярнулася да поўнага гуку (прэм’ера!)
Празь перапынак болей чым у год гурт «Ворона» прэзэнтуе новы матэрыял у электрычным гучаньні. На Tuzin.fm прэм’ера сынглу «Пачні зь сябе», куды ўвайшлі дзьве кампазыцыі.
Гурт «Ворона», які пазалетась біў рэкорды папулярнасьці на «тузіноўскім» канале на плятформе Soundcloud, зноў разам. І хоць вакалістка каманды Алёна Варона вельмі просіць не называць гэта вяртаньнем і нагадваць пра тое, што на яе гурце ў пэўны момант была пастаўлена кропка, адчуваецца, што яна засумавалася па электрычным гучаньні. «За гэты час я зразумела, што акустыкі мне мала. Душа патрабуе вялікіх пляцовак, яны для мяне сапраўдны наркотык, безь якога я адчуваю сябе не паўнавартаснай. Таму і вырашана было знайсьці музыкаў зноў», — распавядае сьпявачка ў камэнтары для Tuzin.fm. Да яе далучыліся гітарыст Аляксандар Гулько і бубнач Павал Піпчанка, якія гралі ў першым складзе «Вороны». Алёна кажа, што музыкі зь вялікім задавальненнем вярнуліся назад. У каманду таксама прыйшоў басіст Аляксандар Сідаровіч — новы чалавек у гурце. «Цяпер мы зноў граем Рок. З элемэнтамі ўсяго! І я ўрэшце адчуваю сябе сабою», — з радасьцю паведамляе Алёна.
Музыкі прэзэнтуюць у межах аўдыёчарту сваю зусім новую песьню — «Ня трэба шкадаваць» з сынглу «Пачні зь сябе!». «Мы кажам у сваіх песьнях пра тое, што кожны ў змозе зрабіць сваё жыцьцё лепшым. Трэба проста зазірнуць у сябе самога ды запытацца: а што ж я зрабіў дзеля гэтага. Безумоўна, трэба пачынаць зь сябе. І тады прыйдзе разуменьне, што ўсё, што мы шукаем, знаходзіцца ў нас саміх», — гэтак кажа Алёна пра свае новыя творы. Абедзьве песьні запісаныя на студыі «Ковчег», за зьвядзеньне і майстарынг адказваў Аляксей Хальчэня.
Гурт «Ворона» рыхтуецца да двух жывых выступаў — 22 лютага яны граюць на акцыі «Рок — дзецям» у пабе «Брюгге», а 29 красавіка музыкаў можна пабачыць на штогадовым канцэрце з нагоды дня народзінаў Алёны Вароны. Таксама вясною гурт мяркуе прэзэнтаваць свой першы прафэсійны кліп. Сачыць за навінамі можна праз афіцыйную суполку.
Песьня «Ня трэба шкадаваць» возьме ўдзел у 9-м туры аўдыёчарту на Tuzin.fm. Цалкам сынгл можна паслухаць на канале «Tuzin. Streaming_Belarus».
Ворона — Ня трэба шкадаваць (музыка і словы Алёны Вароны). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Tuzin.fm
Усё, што нам трэба для жыцьця, — крыху добрых слоў.
Усё, што нам трэба для жыцьця, — любоў.
А калі доўга ты шукаў, калі не знайшоў,
Адкрыйся Сьвету, абдымі родных ды сяброў.
Не дачакаўшыся дажджу,
Зямлю сьлязьмі напаю.
А калі час мой прыйдзе,
Я патану ў той вадзе…
Шукай не шукай, сьпявай не сьпявай,
Хтосьці цьвёрда стаіць на зямлі, а хтосьці гарыць у вагні…
І пакуль мы будзем спаць, усё прыйдзецца аддаць,
А каб шчасьлівымі стаць, ня трэба шкадаваць!
!!!
Жаночы варыянт Аляксея Шэдзько. Нядрэнна.
КАМЕНТАВАЦЬ