Каханак Вялікай Мядзьведзіцы
5672 / 0
09.03.2017

Прайсьці мяжу за 3 хвіліны. Першы сынгл з рок-трылеру Піта Паўлава (прэм’ера)

У 9-м туры аўдыёчарту на Tuzin.fm Піт Паўлаў прэзэнтуе песьню «Каханак Вялiкай Мядзьведзiцы», якая мае ўвайсьці ў яго сольны альбом «Зброя.Золата.Кабеты».

«Каханак Вялiкай Мядзьведзiцы» — першы сынгл новага праекту Піта Паўлава, жанр якога музыка акрэсьлівае як «рок-трылер». Назва трэку адсылае да раману Сяргея Пясецкага. Менавіта творчасьць польскага пісьменьніка беларускага паходжаньня натхніла музыку на стварэньне альбому «Зброя.Золата.Кабеты». Піт распавядае, што ўпершыню ён дазнаўся пра Пясецкага падчас канцэртаў «Народнага альбома» ў Польшчы пры канцы 90-х і проста зачараваўся гэтай асобай. Больш за 10 гадоў Паўлаў дасьледаваў ягоную творчасьць, сустракаўся зь Ежы Гедройцам, які асабіста ведаў Сяргея Пясецкага, і нават сыграў свайго героя ў фільме «Кантрабандысты».

«Гэтая песьня і кліп на яе — найлепшая ілюстрацыя праекту, ягонай ідэі, атмасфэры, літаратурных ды гістарычных рэфэрэнсаў. Яна распавядае пра рух і небясьпечную вандроўку, што змушае зірнуць на звыклы сьвет збоку ды абстрагавацца ад усяго навязанага і зямнога. У цэлым тут перадаецца ня толькі перажываньні лірычнага героя, але і той фізычны стан мэдытацыі, які зьяўляецца ў доўгім шляху», — кажа Піт з нагоды прэзэнтацыі трэку ў чарце на Tuzin.fm. Песьня выкананая ў рок-стылістыцы, а яе рытміка і лірыка набліжаныя да народнай. Разам зь Пітам (вакал, гітара), над ёю працавалі Глеб Галушка (бас, акустычная гітара), Яраш Малішэўскі (ліра), Назар Рэджэпаў (бубны) і Андрэй Кавалькоў (гукарэжысэр).

Рэліз альбому заплянаваны ў траўні. Спрычыніцца да яго выданьня можна на плятформе Ulej.by. Піт заяўляе, што выхад альбому — гэта толькі першы этап «пясецкіяны». Музыка марыць зьняць мастацкі фільм пра Пясецкага.

Піт Паўлаў — Каханак Вялiкай Мядзьведзiцы (музыка і словы Піта Паўлава). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

Шлях ляжыць наперадзе,

Шлях ляжыць наперадзе

На Ўсход, да сонца

 

Бітая дарожанька,

Бітая дарожанька,

Таптаная сьцежачка

 

Цемра коўдрай пакрые,

Цемра коўдрай пакрые,

Зоры шлях мой высьветляць

 

Зоры добра ведаюць,

Зоры добра ведаюць,

Што мне наканавана

 

Зоры добра ведаюць,

Зоры добра ведаюць,

Што мне наканавана

 

Што мне наканавана,

Што мне наканавана,

Што паставіў я на кон

 

Што паставіў я на кон,

Што паставіў я на кон,

Што чакае там мяне

 

Брыдж:

                Што мяне чакае на тым баку,

                Што мяне чакае там?

 

Каму дзеўка ладная,

Каму дзеўка ладная,

А мне — куля трапная

 

А я чый каханак?

А я чый каханак?

Вялікай мядзьведзіцы