Shuma. Што пасееш, тое і пажнеш (прэм’ера)
Праект Shuma прэзэнтуе ў аўдыёчарце на Tuzin.fm сваю «Песеньку», якая суправаджае абрад «пахаваньне стралы». Музыканты просяць лічыць тое, што яны робяць ня фолькам, а сучаснай электроннай музыкай.
«Песенька» — адзін з самых яскравых нумароў дэбютнага альбому Shuma пад назвай «Žnivo» — кружэлкі, да якой музыкі ішлі чатыры гады. Тое, што робяць сьпявачкі Руся і Надзея Чугунова разам з прадусарамі Нікам Чорным і Alexis Scorpio (Аляксей Карабейнік), ня ёсьць фолькам. Прынамсі для саміх удзельнікаў праекту. «Мы робім сучасную электронную музыку, якая базуецца на адпаведным матэрыяле, — кажа Руся. — Гісторыі, якія распавядаюцца ў нашых песьнях, існыя і цяпер. Наша мара ўвогуле, каб наш рэліз стаў поп-альбомам».
Твор, які лёг у аснову гэтай кампазыцыі «Шумы» завецца «Песенька мая харошая» — ён з Палесься, зь вёскі Стаўбун Веткаўскага раёну. Выконваецца падчас абраду «Пахаваньне стралы» — гэта сымбалічнае разьвітаньне зь вясной і сустрэча лета з спадзевам на добры ўраджай. Руся кажа, што для іх тут важная перадусім атмасфэра: «Тлумачэньні тэкстаў, якія мы бярэм да выкананьня ды іх сэнсу — гэта проста від рэканструктарства з навуковым падыходам. Ніхто ня ведае, што насамрэч укладалі ў іх шматлікія пакаленьні жанчын усіх узростаў, якія складалі гэтыя сьпевы шмат гадоў таму. Справа тут не ў сапраўдным зьмесьце, а ў атмасфэры, якую маюць словы і музыка. Калі хто не разумее беларускай мовы, успрымайце яе як замежную і захапляйцеся агульным адчуваньнем».
Падрабязьней пра канцэпт Shuma і новы альбом «Ž nivo» Руся распавяла ў інтэрвію Cяргею Будкіну для cайту Budzma.by. Жывая прэм’ера праграмы заплянаваная на 20 чэрвеня ў бары «Хуліган». Падрабязнасьці ў нашай афішы. Cачыць за навінамі праекту можна праз афіцыйны сайт Shuma.by.
Shuma — Песенька (музыка Нік Чорны, словы народныя). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Tuzin.fm
Песенька мая харошая
Харошая, схаваю цябе к налецяйку
К налецяйку, как на лецяйко к Ушэсьцяйку
К Ушэсьцяйку, паеду ў поле і з сахою
І з сахою, вазьму песеньку і з сабою
За сабою, буду полечко яроваці
Яроваці, буду песеньку і сьпяваці
Клевая песня! Дзякуй.
Прыгожы проэкт, прыгожы вынік
КАМЕНТАВАЦЬ