Кавуны пасохлі
17364 / 0
31.08.2017

Як «Малала» хлопцаў шукала (прэм ’ера!)

Дзяўчаты з фольк-гурту «Малала» прэзэнтуюць на TuzinFM свой дэбютны трэк «Кавуны пасохлі», запісаны ў межах студыйнай сэсіі конкурсу «Засьпявай 4x4».

«Кавуны-пасохлі» — гэта песьня-жарт, у якой спалучыліся словы народнай песьні і аўтарскі тэкст Юліяны Шырмы. Аўтарка лічыць, што сэнс гэтага твору актуальны як для мінулага, так і для сучаснасьці: «Кожная дзяўчына шукае каханьне, але яно ходзіць ня тымі сьцежкамі. І тады даводзіцца браць ініцыятыву ў свае рукі ды займацца пошукамі. Але дзе ўсе падзеліся? У песеньцы якраз даецца гумарыстычная парада на гэты конт», — кажа Юліяна. У параўнаньні з дэма-вэрсіяй, якая была прадстаўлена на конкурс «Засьпявай 4x4», песьня даволі істотна зьмянілася: скарацілася ў памеры, а ў аранжыроўцы былі дададзеныя яшчэ некалькі інструмэнтаў. Дапамог у працы мэнтар гурту на конкурсе «Засьпявай 4x4» Алег Хаменка.

Удзел у адукацыйнай сэсіі «Засьпявай 4x4» для ўдзельніц «Малала» быў сапраўднай падзеяй. «Конкурс дапамог зразумець сябе саміх і знайсьці сваё месца ў такім велізарным сьвеце, як музыка. Шыкоўна, што выкладалі лекцыі людзі з досьведам — сапраўдныя майстры сваёй справы. Іх пазытыў і адкрытасьць вельмі ўразілі. Разам з разуменьнем сябе прыйшло пераасэнсаваньне творчасьці». Дзяўчаты заяўляюць, што надалей прагнуць экспрымэнтаў з музыкаю і можа так стацца, што гэта ўжо будзе не «Малала», а зусім новы праект.

«Малала» заснавалі студэнткі беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў у 2015 годзе. У склад гурту ўваходзяць лідэрка і цымбалістка Юліяна Шырма, акардэаністка Алена Грыб ды акторка і сьпявачка Іларыя Шашко. Іх ужо адзначылі сярод найлепшых у конкурсе «Чытаем і сьпяваем» у акадэміі мастацтваў і на радыёконкурсе «Маладыя таленты Беларусі». Сёлета ў лютым у КЗ «Верхні горад» гурт «Малала» даў першы сольны канцэрт. Сачыць за навінамі гурту можна праз афіцыйную суполку.

UPD: з 2018 году гурт зьмяніў назву - з «Малала» на PANI Malala. 

PANI Malala — Кавуны пасохлі (музыка і словы народныя і Юліяны Шырмы).

-              Янка стаіць на гары.

-              А ты?

-             А я — у даліне.

-              Янка сее кавуны.

-              А ты?

-              А я журавіны.

-              І як журавіны?

-              Не ўзышлі.

-              А кавуны?

-              Пасохлі.

-              Ка мне хлопцы не прыходзяць,

-              Ды каб яны…

Журавіны не ўзышлі,

Кавуны пасохлі,

Ка мне хлопцы не прыходзяць,

Каб яны падохлі.

 

Я на рэчцы хусткі мыла,

Ды на плот павесіла,

Аднаго ўсяго любіла,

Дзесяцёх пацешыла.

 

Там, дзе сокал ляціць у паднябесьсі, ляціць,

Дзе трава зіхаціць на Палесьсі, блішчыць

Адбылася ж такая падзея — 

Закахалася дачка Фадзея,

 

Таго самага, ліхам празванага. Ліхам?

Ліхам на балоце ціхам-ціхам…

Вокам наводзіў страх на людзей,

Верхаводзіў тут Фадзей.

 

Заляцаліся да дачкі, да дачкі.

Да ягонай дачкі хлапчукі, хлапчукі.

Сустракаў кавуном! Кавуном на парозе,

Не пушчаў Фадзей.

Злаваў Фадзей,

Нават Янку гнаў па дарозе.

 

А міналі ж гадочкі ў дачочкі,

Схуднела.

Стаіць — бледныя шчочкі.

Дык вось Ганначка, Фадзеева панначка,

Засмуцілася, зажурылася,

А нікому не палюбілася.

 

Толькі Янка

Сустракаў ля ганка,

Ад яго ў Ганкі стыла кроў — 

Не было ў яго…

Не было ў яго зубоў.

 

Чаго, Янка, ты галосіш, — 

Цябе не пацешу,

Ды пашыўшы зрэбну торбу,

На шыю павешу.

 

Сьвеціць ясна з неба зорка,

А дзе ж гэта мой Мыколка?

Каля рэчкі грэбелька,

Дзе ж падзеўся, Хведарка?

 

Паміж лесу прыгарок,

Дзе ж падзеўся Грыгарок?

-              Там? Там? Там? Там?

-              Не йдуць.

Іх было чацьвёра, а не трох:

Хведарка, Мыколка, Грыгарок,

А чацьверты…

Зьбег у лясок.

 

Журавіны не ўзышлі,

Кавуны пасохлі,

Ка мне хлопцы не прыходзяць,

Каб яны падохлі.

 

Журавіны не ўзышлі,

Кавуны пасохлі,

Ка мне хлопцы не прыходзяць,

Каб яны падохлі.

 

Журавіны не ўзышлі,

Кавуны пасохлі,

Ка мне хлопцы не прыйшлі,

Каб яны падохлі.