Шалкевіч. Новы, вясновы і блюзавы (аўдыё)
Віктар Шалкевіч прэзэнтуе ў аўдыёчарце на TuzinFM кампазыцыю «Вясна-блюз» з свайго новага альбому «Такая доўгая зіма».
«Няхай будзе песьня пра вясну, дарма што ўвосень у чарт паставіце», — так адрэагаваў выканаўца на прапанову паўдзельнічаць у новым туры аўдыёчарту на TuzinFM. «Вясна-блюз» была запісаная для новага альбому Шалкевіча, якога ягоныя прыхільнікі чакалі 15 гадоў. У гэтым рэлізе песьні гарадзенскага барда гучаць поўным гукам.
Слухаць на Youtube
Прэзэнтацыю песьні ў чарце выканаўца суправадзіў такой гісторыяй:
«Мой стары знаёмы, беластоцкі паліцыянт Пётар Рудніцкі, так любіў Вясну, да таго любіў, што аднойчы, у размове, прыкрыўшы вочы, задэкляраваў: „Umrę na wiosnę!“. Але „na wiosnę“ жыцьцё толькі пачынаецца, „na wiosnę“ трэба варушыць карэньнямі, выпускаць зь сябе першыя клейкія зялёныя лісточкі, расьцьвітаць, харашэць, пхнуцца ўгору, ушыркі, рабіць неверагодна ашаламляльныя і, на першы погляд, малакарысныя справы! Вясна авансам дае кожнаму з нас столькі магчымасьцяў, столькі надзеяў… аж занадта!
Але ня кожны з нас, на жаль, ашаломлены і атручаны сакавіцкім паветрам, сонечным зьзяньнем і птушынымі вяртаньнямі, патрапіць выкарыстаць хоць частку таго, што звальваецца на яго Ўвесну! Прыходзіцца некаторыя меней пільныя справы адкладаць на другую Весну, трэцюю ці чацьвёртую…
Таму Пётар Рудніцкі жыве, дзякаваць Богу, і дагэтуль.Таксама адклаў…»
Песьня «Вясна-блюз» возьме ўдзел у 1-м туры аўдыёчарту ў сэзоне 2019/2020.
TuzinFM, фота Яраслава Іванюка
Віктар Шалкевіч — Вясна-Блюз (музыка і словы Віктара Шалкевіча)
Асьцярожна на ціхенькіх дыбачках
Падыйшла, сьцебанула галінкаю
Ўся рудая, панчохі ў дзірачках
Зубы белыя, вочы — з іскрынкаю
І адразу грамады птушыныя
скрапкавалі блакіт між аблокамі
Сэрца б’ецца з такое прычыны
Штохвілінна ў рукі выскоквае
О вясна мая мілая
Ты як шампанскае файнае
Цябе ў бутэльцы нікому не ўтрымаць
Ты ляціш небасхіламі
Пырскаеш «вірамі», «майнамі»
Буслы ў твой гонар
На вартах па гнёздах стаяць
Будзем бегаць натхнёнымі босымі
Пад дажджоў залатымі палосамі
Будзем зноў маладымі прыгожымі
Будзем Віцямі будзем Сярожамі
Будзем вельмі і вельмі шчасьлівымі
Пад раптоўна расьцьвілымі сьлівамі
Будзем Ірамі, будзем Кацюшамі
Пад хрэстаматыйнымі грушамі
О вясна мая мілая
Ты як шампанскае файнае
Цябе ў бутэльцы нікому не ўтрымаць
Ты ляціш небасхіламі
Пырскаеш «вірамі», «майнамі»
Буслы ў твой гонар
На вартах па гнёздах стаяць
Асьцярожна на ціхенькіх дыбачках
Садамі, лугамі, завулкамі
Прытуліць, папесьціць і вылечыць
Усіх сіротаў, нядойдаў, прыдуркаў
Прыбярэ, пафарбуе, змайструе
Раздасьць па яйку і па вершу
Вось і вол раве — яе чуе
Эх толькі б дажыць да першага
сакавіка
КАМЕНТАВАЦЬ