Матыў
14794 / 0
16.07.2018

«Мутнаевока». Не запаліцца, а запаліць (аўдыё)

Гурт «Мутнаевока» прэзэнтуе ў першым туры аўдыёчарту ў сэзоне 2018/2019 сваю новую песьню «Матыў», рамантычны расповед пра парачку нефармалаў.

«Матыў» — адзін з галоўных гітоў з трэцяга студыйніка «Мэтро» каманды Яўгена Змушкі. Менавіта яе абралі музыкі для ўдзелу ў чарце на TuzinFM. «Гэта рамантычны расповед пра двух нефармалаў, дзе адзін зьвяртаецца да другой асобы, заклікаючы адкінуць сумневы й страхі, без альтэрнатывы і кампрамісаў гарэць адпаведна сваім перакананьням ды перажываць кожны момант як апошні. Прыпеў зьяўляецца нібыта канстатацыяй фактаў зьдзейсьненых учынкаў безразважнасьці і нясьмелым выбачэньнем за наступствы небясьпечнага ладу жыцьця», — распавядае пра сваю песьню Яўген.

Яўген кажа, што ў прынцыпе падобны матыў для напісаньня ўласьцівы пераважнай большасьці ягоных песень гурта, у якіх разам з асабістымі перажываньнямі закранаюцца тэмы сацыяльнай нестабільнасьці і супрацьстаяньня. Музыка дадае, што на стварэньне «Матыва» яго натхніла музыка аўстралійскага гурта Silverchair. Сачыць за навінамі гурта можна праз афіцыйную суполку.

Мутнаевока — Матыў (музыка гурта, словы Яўгена Змушкі). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

TuzinFM

Горад праз вокны вагон асьвятляе,

Хтосьці разбудзіць на канцавым.

Ён не папросіць і не запытае,

Хто мы такія, адкуль і куды.

 

Удваіх вар’яцелі, мы так хацелі ―

Не запаліцца, але запаліць.

Толькі на целе, толькі на целе,

Не астылі апёкі-сьляды.

Зрывае, уносіць, нясе і зрывае,

Нібы мэлёдыі матыў;

Я ведаю, знаю, што так бывае ―

Толькі раз і назаўжды.

 

Гэта па-першае, а за другое ― даруй,

Я не памятаю, сам ня свой,..

Быў напэўна падвешаны

Паміж рэальнасьцю, і, канечне, табой.

Аксамітавы вечар, мятная раніца

Усьміхаецца ў фортку адкрытай душы,

Застаюцца хвіліны ― не тармазі…

 

Удваіх вар’яцелі, мы так хацелі ―

Не запаліцца, але запаліць.

Толькі на целе, толькі на целе,

Не астылі апёкі-сьляды.

Зрывае, уносіць, нясе і зрывае,

Нібы мэлёдыі матыў;

Я ведаю, знаю, што так бывае ―

Толькі раз і назаўжды.

 

Мы разам раз і назаўжды,

Нібыта музыкі матыў.