Гэй!
5603 / 0
09.11.2016

Лявон Вольскі. Абяззброены і непераможны (аўдыё)

Напярэдадні выхаду альбому «Псыхасаматыка» выканаўца прэзэнтуе на Tuzin.fm адну з цэнтральных тэмаў з дыску — песьню «Гэй».

Лявон апавядае, што «Гэй» напісалася адной зь першых для новай праграмы. Для «Псыхасаматыкі» яе вырашана было запісаць двойчы ў розных вэрсіях: адна адкрывае электрычную частку альбома, другая — лірычную. На Tuzin.fm можна пачуць энэргічную вэрсію, якая была выдадзеная асобным сынглам. «Лічу яе адной з цэнтральных на нашым новым альбоме. Гэта тыповы ўрбаністычны сьпеў: коміны, мэтро, натоўп. Усё хуткаплынна, усё часова, усё цячэ, усё зьмяняецца», — так яе прадстаўляе аўтар.

Ужывую гэтую ды іншыя песьні з «Псыхасаматыкі» ўпершыню можа будзе пачуць на віленскім канцэрце 3 сьнежня. Гэта рэдкая магчымасьць паслухаць жыўцом «некрамбамбульнага» Вольскага з электрычным складам. Апошні раз падобны канцэрт адбыўся два гады таму.

Лявон Вольскі — Гэй! (музыка і словы Лявона Вольскага). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Не бывае кепскага жыцьця, бывае мала віна.

Калі досыць кепскага віна, жыцьцё імкліва мільгане.

Ды ад чорнае крыві распачынаецца вайна.

І чырвонае крыві багата льецца на вайне.

 

Рэфрэн:

Чалавек сярод людзей.

Гэй! Гэй!

У натоўпе жыць прасьцей.

Гэй! Гэй!

 

З доўгіх комінаў струменіцца чырвоны і зялёны дым.

Хтось працуе кожны дзень, каб гэты дым ніколі не зьнікаў.

Мігатліва, нібы станцыі мэтро, бягуць гады.

Ты бы выйшаў зь цягніка, але баісься скразьняка.

Рэфрэн.

 

Гэты прывід дабрабыту і ягоны трошкі бэзавы смак…

Ад яго, чамусьці, хочацца далёка ўцячы.

Але мяне на гэтым палатне намаляваў мастак.

І я стаю бяз зброі, а ва ўсіх двухручныя мячы