Дзьве сталіцы N.R.M.
У новым туры на “Тузіне Гітоў” гурт N.R.M. прэзэнтуе песьню «Менск і Мінск» з новага альбому «06». Яшчэ за некалькі месяцаў да выхаду дыску гэты твор пасьпеў стацца сапраўдным гітом вядучай беларускай рок-каманды.
«Менск і Мінск» - так называецца песьня. Ідэя тэксту нарадзілася, чамусьці, па дарозе ў Бельск на WOSP. Мне напачатку падавалася, што песьня будзе ня ў звыклай рок-стылістыцы, а як зонг зь п'есы Брэхта. Адсюль гэткая акордавая і інтанацыйная дваровасьць. Але калі ўзяліся за аранжаваньне, міжволі атрымалася гэткая трошкі двараватая рок-баляда. І, усё адно, для N.R.M. гэта крыху нефарматны твор, немагчымы, да прыкладу, у 99-м ці 2002-м годзе. Папросту зараз мы можам сабе дазволіць карыстацца стылем для данясеньня нейкіх сваіх думак, а ня быць прыгоннымі гэтага ці іншага стылю. Ці проста хочацца ў гэта верыць.
Насамрэч, наш Менск і нават Мінск, у якім я нарадзіўся, вучыўся й гадаваўся, незваротна зьнікае пад абцасам новага неахайна забудаванага рознымі гаргарамі і аздобленага прапагандысцкімі бігбордамі гораду Мінску - даволі безгустоўнага і пачварнаватага стварэньня. Ну, і, натуральна, песьня пра нашую ўнутраную эміграцыю.
N.R.M. – Менск і Мінск (сл. Л.Вольскі, муз. групы). Разьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Лявон Вольскі, для ТГ (з архіву 15.05.2007)
КАМЕНТАВАЦЬ