Вясна
7735 / 2
17.02.2014

Варына «Вясна» (аўдыё)

У новым туры аўдыёчарту праект Waria прадстаўляе песьню «Вясна», якая загучала ў беларускім пераасэнсаваньні. Дапамог магілёўцам у гэтым слынны гомельскі літаратар Сяргей Балахонаў.

«Вясна» зьявілася незвычайна, як кажа аўтарка. Яе напаткалі вобразы, самі па сабе яны прыйшлі, а потым ужо нарадзіліся словы. Музыкі ў Варынай галаве яшчэ не было, матыў прыйшоў пазьней і дапамог яму зьявіцца бубнач праекту — Павал Філатаў, які грае таксама ў гурце Akute. Узяў Паша акустычную гітару, найграў нешта такое, пад што Вара і падклала свой верш. Так і зьлілася музыка з словамі.

«Вясну» праект Waria запісаў у 2013 годзе. У расейскамоўным варыянце песьня ўвайшла ў сынгл Sensation. «Яна атрымалася такой пяшчотнай і выбуховай адначасова. Яна пра палёт пачуцьцяў, уласнае адчуваньне вясны, каханьня ды прыгажосьці. Для мяне „Вясна“ вылучаецца сярод астатніх маіх твораў», — кажа Варвара Шарай. Сьпявачка вырашыла зрабіць яе беларускамоўную вэрсію. Пераклад зрабіў Сяргей Балахонаў, чые пераасэнсаваныя на беларускую тэксты выконвалі «Серебряная свадьба», Naka, Zdob si Zdub ды іншыя. Менавіта Сяргей пераклаў беларускамоўны дэбют праекту Waria «Недзе там», якая выйшла на складанцы «ШОСты Тузін» (2011).

Вара з задавальненьнем прадстаўляе беларускую «Вясну» ў чарце на Tuzin.fm і просіць усіх, каму яе сьпеў спадабаўся, падтрымаць сваім голасам. Дазнаецца пра навіны гурта можна на яго афіцыйнай старонцы.

Waria Вясна (музыка Паўла Філатава, словы Варвары Шарай, беларускі тэкст Сяргея Балахонава). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

Ноч ахінае ўсе вуліцы ў балахон

Горад бяссонны маўчыць — аголены ён

Паглядзі на мяне — я лунаю

На крылах вясны

Дасягні зноў мяне

І ляці ў мае сны

Там палунаем разам мы

 

Ціхая ноч разагнала сон, нібы дым

П’яныя зоры сядзяць на небе густым

Ўкрыўся горад бялюткім туманам

Лунаем удвох

 

Доўгія аж да бясконцасьці ночы краі

Сьцішана падаем ў зорак хвалі-раі

Жоўты месяц, як човен, плыве,

Асьвятліўшы сюжэты карцін.

Міма вуліц дарог,

Ўздоўж гарышч і стамлёных машын

Пад намі Рым, Парыж, Бэрлін.

КАМЕНТАРЫ:

  • Eugeny13 / адказаць
    18.02.2014 / 12:55

    Не разумею - а паслухаць песню тут магчыма? Ці толькі тэкст пачытаць?

  • Eugeny13 / адказаць
    18.02.2014 / 13:04

    Ледзь знайшоў . Выдатна, трэба крыху смялей, на рускай мове яна гучыць смялей.

  • КАМЕНТАВАЦЬ