Навагодняя
7432 / 3
24.12.2013

Навагодні гіт для ўсёй сям’і ад гурта «Мерада» (аўдыё-прэм’ера!)

Гурт «Мерада» зрабіў спробу напісаць беларускі аналяг навагодняй сямейнай песьні, якая б адпавядала па атмасфэры творам Фрэнка Сынатры ці Дына Мартына.

Лідэр гурту Стыў Крамер апавядае, што задумаў «Навагоднюю» яшчэ падчас свайго жыцьця ў ЗША. Музыка, які пачынаў пры канцы 80-х як гукарэжысэр гурта «Бонда», пражыў там 12 гадоў. «У Амэрыцы музычныя традыцыі вельмі ўплываюць на штодзённае жыцьцё, — кажа Стыў. — У іх кожны новы год гэта Фрэнк Сынатра, Бінг Кросьбі, Дын Мартын, „Jingle Bells“ і „Let It Snow“, якія гучаць літаральна з кожнага праса. Гэтыя песьні слухаюць усёй сям’ёй ад унукаў да бабуляў».

Гурт «Мерада» паўстаў сёлета як цалкам беларускамоўны праект. Ён створаны ўдзельнікамі ангельскамоўнага гурта Steve Cramer Band. Цяпер лідэры «Мерады», сямейная пара Стыў і Ганна Крамер, рыхтуюць да выданьня першы альбом. Пры гэтым песьня «Навагодняя» стваралася не для будучай кружэлкі, а адмыслова да сьвятаў.

«Мы хацелі зрабіць песьню, якую можна было б паслухаць ды засьпяваць усёй сям’ёй за сьвяточным сталом, — кажа Ганна Крамер. — У нас большасьць навагодніх песьняў ствараецца для дыскатэк і танцаў у клюбах. Будзем спадзявацца, што наша „Навагодняя“ адродзіць старую добрую традыцыю бачыць у сьвяточнай песьні сэнс, ня толькі танчыць пад музыку, але і слухаць яе».

У запісе песьні ўзялі ўдзел Ганна Крамер — вакал, Стыў Крамер — гітары, Валер Дасюкевіч — бас, Іван Махновіч — барабаны, Іван Кучарэнка — арган і клявішы, а таксама духавая сэкцыя: Андрэй Кляшчоў — саксафон, Валеры Шчэрыца і Аляксандар Цулыгін — труба.

«Навагодняя» бярэ ўдзел у пятым туры аўдыё-чарту на Tuzin.fm, які якраз прыпадае на Новы год.

Мерада — Навагодняя (музыка Стыва Крамера, словы Стыва і Ганны Крамер). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы. 

Tuzin.fm, фота Іван Цьвеліх

На двары завірухі кружэньне,

Лёгкі сьнег танцуе, лашчыць нам твар.

Мандарыны ў сьвяточным адзеньні,

Падаруе ўсім Мароз-гаспадар.

Зоркі блішчаць у духмяных іголках,

Міргаюць гірлянды ў кожным акне.

Дзед Мароз і Сьнягурка з паштоўкі,

На чароўнае сьвята паклічуць мяне!

Прыпеў:

Дапіваем келіх году

Да апошняга глытка.

Новы год сустрэнем разам,

Вось табе мая рука!

Новы год сьвяткуе з намі ўся зямля.

У гэту ноч сустрэнем шчасьце

Ты і я.

 

Я хачу каб сябры былі разам,

Каб любоў і каханьне заўсёды жылі,

І пытаньні твае атрымалі адказы,

Каб усё было добра на нашай Зямлі!   

Прыпеў.   

Брыдж:

Новы год даруе нам

Шчасьце і любоў.

Сьвята заклікае зноў

Ўсіх сваіх сяброў!

 

Прыпеў 2р.

КАМЕНТАРЫ:

  • Аляксей Кульбіцкі
    Аляксей Кульбіцкі / адказаць
    26.12.2013 / 17:13

    Вельмі прыемная кампазіцыя, толькі ці варта было аж 5 хвілін? %)

  • Сяргей Будкін
    Сяргей Будкін / адказаць
    26.12.2013 / 18:08

    Таксама кінулася ў вочы. Згаданыя ў тэксьце "Jingle Bells" і "Let It Snow" акурат удвая карацейшыя:)

  • CEBAROCK / адказаць
    03.01.2014 / 13:56

    Сябры, дзякуем за крытыку! На конт Сінатры альбо Дына Мартына… Мы не імкнемся быць да кагосьці падобнымі, у нас свая самадастатковая творчасць. Мы імкнемся стварыць сваю музычнаю традыцыю заснаваную на лепшых міравых узорах кантры, фольк, блюза і рок-музыкі. Па-другое: нам не зусім падыходзіць 3-х хвілінны дыскатэчны фармат. На прыклад: тая ж “АББА” свой гіт “Happy New Year” выконвае 4.32. А ў знакамітай Этты Джэімс, навагодняя песня “Merry Christmas Baby”, гучыць больш, чым за 6-ць хвілін. Хутка выйдзе наш дэбютны альбом. Сачыце за навінамі!

  • КАМЕНТАВАЦЬ