Грушка
5838 / 0
24.10.2013

Другое жыцьцё Kriwi

У першым туры аўдыё-чарту на «Тузіне Гітоў» бярэ ўдзел песьня «Грушка» з альбому «Traukamurauka» гурта Kriwi. Менавіта гэты твор найлепш адлюстроўвае імкненьні музыкаў надаць сучаснага гучаньня народнаму сьпеву.

«Грушка» увайшла ў новы альбом фольк-экспэрымэнтаў славутай фольк-фармацыі. Музыкі палічылі, што менавіта яна вартая ўдзелу ў «Тузіне Гітоў». І вось чаму. «Лірычная, народная, вельмі прыгожая, зь пераходам у фанк і джаз-рок. Лічу, што ў яе вельмі якасная і годная аранжыроўка. І выкананьне таксама. Гэта і ёсьць пераўтварэньне песьні ў сучаснае гучаньне, тое, што мы робім зь вялікім задавальненьнем», - кажа Вераніка Круглова.

Праца  «Traukamurauka» стала першай у дыскаграфіі Kriwi за 10 год. Па вэрсіі беларускіх музычных экспэртаў менавіта гэты дыск стаў найлепшым у першым паўгодзьдзі 2013.

Гурт Kriwi паўстаў у 1996 годзе, праз яго прайшлі такія музыкі, як Юры Выдронак, Піт Паўлаў, Зьміцер Вайцюшкевіч. Пасьля пераезду вакалісткі каманды Веранікі Кругловай, праект практычна спыніў сваю дзейнасьць. З запісам альбому «Traukamurauka» у каманды ізноў пачалася актыўная фаза. Зараз акрамя Веранікі ў Kriwi задзейнічаны Ігар Гарбачэўскі, Карэн Карапецян, Наста Хмель, Слава Сяргеенка, вакалісткі Валерыя Валадзько і Воля Глуш.

SB, «Тузін Гітоў», фота – Budzma.org

Kriwi – Грушка (музыка і словы народныя). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.