luty sakavik. Музыка халодных дахаў (аўдыё)
Пераможцы «Басовішча-2019» прэзэнтуюць у аўдыёчарце на TuzinFM трэк «vostraja» з дэбютнага EP «Soram».
Удзельнікі гурта luty sakavik Уладзь Лянкевіч і Эрык Арлоў-Шымкус кажуць, што робяць незалежную музыку, натхнёную пост-панкам, мінімал-вэйвам і сынты-попам ды ўпісваюць яе ў сёньняшні кантэкст. «Унутраны падлетак лезе вонкі. luty sakavik — гэта музыка халодных дахаў, дзе кожны можа знайсьці сябе ў шалёным танцы пасярод ночы», — так прэзэнтуе сябе гурт, які сёлета перамог (разам з гуртом Harmonix College) у конкурсе на фэсьце «Басовішча».
Слухаць на Youtube
Уладзь кажа, што ў песьні «vostraja» распавядаецца пра складаныя стасункі, пра непрыступнасць гераіні і ўласную нерашучасьць. «Але пасьля пакутлівага нясьцерпнага чаканьня, ты ўсё-ткі наважваесься і робіш той самы важны крок. А тады ўжо трэба слухаць другі трэк з іпішкі:)», — заўважае аўтар.
За творчасьцю гурта можна сачыць праз афіцыйныя суполкі ў Facebook, УКантакце і Instagram.
TuzinFM
luty sakavik — vostraja (музыка гурта, словы Ўладзя Лянкевіча)
У дзяцінстве я марыў нарадзіцца чорным,
але аказаўся белай варонай.
Сто разоў спрабаваў завесьці размову —
ты б’еш напавал, а я безабаронны.
Вострая на язык —
апякаеш.
Я хацеў не прачнуцца,
але ж
шклом зьвіняць басы й маразы —
ім пляваць на мае пачуцьці.
Цяпер гэта я — капюшон на вочы —
стаю ўбаку, калі ты праходзіш.
Цяпер гэта я стаю ўбаку
і рэзка хапаю цябе за руку.
Балюча хапаю цябе за руку.
КАМЕНТАВАЦЬ