«Жанчына-бос». Амбітны рэп па-беларуску ад інстаграм-мадэлькі (аўдыё/відэа)
Заснавальніца праекту Zrabi Барбара Гузарэвіч распавяла TuzinFM, чаму кінула займацца эстрадным вакалам і пайшла ў рэп і што яна хоча зьмяніць сваімі песьнямі.
Барбара займаецца музыкай зь дзяцінства, вучылася ў музычнай школе па клясе гітары і фартэпіяна, займалася вакалам. Паступіла ў каледж мастацтваў на эстрадны вакал, але ня скончыла. Кажа, што ў пэўны момант усьвядоміла, што творчай будучыні ў Беларусі ў яе няма. Адвучылася ў БДУ па спэцыяльнасьці «лягіст-эканаміст». Барбара кажа, што натхняецца па жыцьці думкаю пра тое, што хутка беларусы загавораць па-беларуску. Гэта і стала нагодаю для стварэньня музычнага праекту.
«Мне не падабаецца, што нашыя людзі забылі сваю гісторыю, культуру і нават мову. Вынікам гэтага зьяўляюцца мэнтальныя, сацыяльныя, палітычныя праблемы, якія мы маем сёньня. Я думаю, што ў мяне ёсьць шанец паўплываць на людзей праз творчасьць. Падштурхнуць успомніць пра „сваё“ празь нешта сучаснае, бо ёсьць адчуваньне, што беларуская мова — гэта толькі Якуб Колас і Янка Купала, што яна засталася дзесьці ў XX стагодзьдзі. Я хачу разбурыць папулярныя сярод моладзі стэрэатыпы, што наша мова непрыгожая і не стылёвая», — распавядае сьпявачка.
Праца над дэбютным трэкам вялася ў Маскве. У працэсе пошуку сваёй каманды Барбара пачула круты біт, знайшла ягонага аўтара і дамовілася на працу. Ім аказаўся малады расейскі бітмэйкер Сьцяпан Возераў (OSA), які працуе з такімі выканаўцамі, як Saluki, Feduk і Хаскі. На студыі ў Маскве яна таксама пазнаёмілася з Арсеніем Сьвінцовым (Sensimiller), у праекце Zrabi ён гукарэжысэр і аўтар музыкі. «У мяне крутая каманда, мы з хлопцамі на адной хвалі, у нас адзін густ і мне наогул падабаецца ўсё, што яны робяць. Гэта неверагодна, мне вельмі пашанцавала!» — цешыцца артыстка.
Для старту было зроблена прома-відэа праекту на 1 хвіліну, асновай якога стаў трэк «Boss». У першым туры аўдыёчарту на TuzinFM возьме ўдзел поўная вэрсія твору.
«Гэта сатырычная песьня пра людзей, якія ў інтэрнэце паўстаюць „усёведамі“ — экспэртамі па ўсіх пытаньнях, а рэальнае жыцьцё іх складаецца толькі з таго, каб зводзіць канцы з канцамі. У іх жыцьці нічога не адбываецца, любімая забава — выпіць піва вечарам. Яны заўсёды гатовы абмяркоўваць жыцьцё іншых людзей, крытыкаваць, але сачыць за сабой ім не цікава. Празь песьню я ў саркастычнай форме паказваю хто ёсьць хто», — кажа Барбара пра свой дэбютны трэк і абяцае неўзабаве паказаць новыя песьні.
За навінамі праекту можна сачыць праз інстаграм-канал cьпявачкі.
TuzinFM
Zrabi — Boss (музыка OSA, словы Zrabi). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
I’m a boss, you’re a worker.
Ты кажаш, што жанчыны залежаць ад мужчын,
У маёй галаве адно пытаньне: дзе мазгі згубіў?
Мой мілы, калі ласка, адкрый свае вочы,
У твае дваццаць пяць табе маці жадае «добрай ночы»
Гадзіну за гадзінай ты сядзіш у інстаграме,
Мае фота разглядаеш у бацькавай піжаме.
Я не заходжу ў дырэкт і нічога не чытаю,
Тое, што ты пішаш мне — усё ў сьмецьце адлятае.
Мяне ведаюць у «bistro», у «de Paris» запрашаюць,
А цябе твае сябры толькі па флэтам цягаюць.
Твая ежа — гэта бургер, мая ежа — фуа-гра,
Каму зараз «смачна есьці»? Пытаньняў няма.
Прыпеў:
Жанчына-мара, жанчына-бос
Сёньня попыт зноў на мяне ўзрос
Жанчына-мара, жанчына-бос
Зьмірыся, ты не адолееш гэты крос
За новай сумкай гучы я бізнэсам лячу ў Маскву
Зьніжкі не цікавяць, даляры я не берагу
Дарэчы, мой разьмер ХS і айфон таксама
Калі я ў зале раблю прэс, цябе чакае справа
Ты кожны дзень на працы, але жыцьцё ў крэдыт
Табе не дапаможа нават бізнэс-саміт
Фальксваген пола — твая столь, іпатэка — дах,
Сцэнар твайго жыцьця — гэта звычайны шлях
Няма ідэй, што зараз сказаць?
Не хвалюйся, будзе час у камэнтарах напісаць.
Што я ўсяго толькі сыліконавая лялька..
Паглядзі, у цябе ад поту ўжо мокрая майка
Прыпеў:
Жанчына-мара, жанчына-бос
Сёньня попыт зноў на мяне ўзрос
Жанчына-мара, жанчына-бос
Змірыся, ты не адолееш гэты крос
КАМЕНТАВАЦЬ