Dzieciuki. Да гарадзенскіх гастарбайтэраў зь любоўю (аўдыёпрэм’ера!)
У новым туры на Tuzin.fm гурт Dzieciuki прадстаўляе сваю новую «Песьню пра гарадзенскага гастарбайтэра».
«Песьня пра гарадзенскага гастарбайтэра» ўвайшла ў дэбютны альбом гурта Dzieciuki «Гарадзенскі гармідар». Аўтар песьні Алесь Дзянісаў кажа, што гэты твор ня мае прывязкі да пэўнай падзеі, проста настрой быў адпаведны. Хоць трэк атрымаўся мажорна-аптымістычным, саму сытуацыю вясёлай не назавеш: «У мяне ўсё больш і больш сяброў ды знаёмых зьязджае за мяжу ці працаваць на працяглы тэрмін ці наогул на сталае месца жыхарства, — кажа Алесь. — З кожным чалавекам зьяжджае частка мяне самога. Я нават падумаў неяк: а можа так станецца, што праз гадоў пяць-шэсьць і паразмаўляць будзе няма з кім?! Жарт жартам, а вось рэальны прыклад. Два гады таму я схадзіў на апошні званок у школу, у якой працаваў раней. Выпускаліся дзеці з паралелі, у якой я яшчэ выкладаў у 2007 годзе, перад звальненьнем. Пасьля іх ніхто мяне ў школе ня ведае і ня памятае, акрамя трох настаўніц. А калісьці я быў часткай гэтай невялікай грамадзкай суполкі»…
Dzieciuki сваёй «Песьняй гарадзенскага гастарбайтэра» хочуць лішні раз давесьці, што любяць свой горад і сваю краіну. Хоць і самім музыкам жыць і працаваць тут няпроста. Гарадзенскую каманду таксама можна назваць у пэўнай ступені «музычным гастарбайтэрамі» з уліку таго, што з двух дзясяткаў канцэртаў, што яны далі ў 2013, толькі чвэрць прайшла ў Беларусі. Але музыкі вераць у тое, што сыграюць у кожным беларускім горадзе, дзе іх толькі захочуць пачуць і пабачыць.
SB, Tuzin.fm
Dzieciuki — «Песьня пра гарадзенскага гастарбайтэра» (музыка гурта, словы Алеся Дзянісава). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Адзін хлапец быў няшчасным,
На жыцьцё грашыў.
За шчасьцем за кардон
Падацца вырашыў.
Сябры засумавалі,
Рыдае сястра.
А ён быў упэўнены што добра, там
Дзе нас няма.
А сёньня ён, а сёньня ён,
На цягніку пакінуў родны дом
А сёньня ён, а сёньня ён,
На цягніку пакінуў родны дом
Батрачыў на будоўлях,
Праліў сто сем патоў.
Хадзіў на караблях
Да грынляндзкіх берагоў.
І Сцыла, і Харыбда,
І Бостан, і Нью-Ёрк.
Але яму абрыдла —
Зьбіраецца на ўсход.
А сёньня ён, а сёньня ён,
Па дому роднаму сумуе ён.
А сёньня ён, а сёньня ён,
Па дому роднаму сумуе ён.
Усіх грошай не заробіш,
Ня возьмеш дзевак усіх.
Душы спакой і шчасьця
За мяжою не знайсьці!
У родным доме маці
Стамілася чакаць.
Сабе сказаў ён: «Хопіць
Па сьвету вандраваць!»
А сёньня ён, а сёньня ён
Вяртаецца да дому сёньня ён.
А сёньня ён, а сёньня ён
Вяртаецца да дому сёньня ён.
А сёньня ён, а сёньня ён
Зь сябрамі выпівае сёньня ён.
А сёньня ён, а сёньня ён
Зь сябрамі выпівае сёньня ён.
І хоць рэдакцыя нашага парталу не падзяляе практыку халяўнага выкладаньня ў сеціва цэлымі альбомамі, у дадзеным выпадку робім выключэньне:). Альбом "Гарадзенскі гармідар" гурта Dzieciuki будзе прэзэнтаваны на Tuzin.fm цалкам!
КАМЕНТАВАЦЬ