Клятва вернасьці
4676 / 0
21.01.2014

Like a Gossamer. Пакуль сьмерць не разлучыць нас (аўдыёпрэм'ера)

Гурт Like a Gossamer аднавіў дзейнасьць праз вымушаны перапынак ў пяць гадоў і прэзэнтуе ў аўдыёчарце на Tuzin.fm песьню «Клятва вернасьці», загалоўны нумар з свайго новага альбому.

Твор «Клятва вернасьці» адлюстроўвае падзеі, якія маглі б (і напэўна адбываліся ў Беларусі) у часы сярэднявечнай інквізіцыі, якая катавала тых, хто прытрымліваўся традыцыйных паганскіх вераваньняў. «Гэта сярэднявечная гісторыя трагічнага каханьня хлопца і дзяўчыны, якая сканчаецца іх узыходам на вогнішча. Тут акцэнтуецца пераможная сіла каханьня і дэкляруецца неадступнасьць вышэйшай справядлівасьці», — кажуць музыкі. Таксама гэта своеасаблівая алюзія. Калі б на Беларусі зьнялі фільм «Адважнае сэрца», то «Клятва вернасьці» магла б стаць да яго саўндтрэкам у стылі мэтал. Але акрамя дысторшн-гітар у творы можна пачуць і пяшчотныя гукі скрыпкі ды фартэпіяна, што акампануюць экстрэмальнаму вакалу. Такім чынам, у «Клятве вернасьці» дум-дэс спалучаецца з нэаклясыкай і клясычным рокам.

Песьня, якая прэзэнтуецца на Tuzin.fm, зьяўляецца загалоўнай на новым дыску гурта. Альбом «Клятва вернасьці» — гэта расповед пра этнографа-фальклярыста, які падарожнічае па гістарычных эпохах і славутых мясьцінах Беларусі, сустракаецца зь людзьмі, запісвае легенды і паданьні: пра возера Сьвіцязь, вёску Шведы ды іншыя мясьціны. Частка кампазыцыяў прысьвечаная сапраўдным героям нашай гісторыі Ўсяславу Чарадзею, Міхалу Клеафасу Агінскаму і Кастусю Каліноўскаму. Але ня ўсе творы павязаныя зь вядомымі асобамі ды падзеямі. Час сьцёр шматлікія імёны сапраўдных беларускіх патрыётаў, якія любілі родную зямлю. Іх абагульненыя вобразы таксама ёсьць у альбоме. Рэліз мае ахапіць розныя стылі: ад мэталу ды джазу, да мэдыевалю і фольку. Музычным кампазыцыям папярэднічаюць шума-гукавыя, якія задаюць вобразны кантэкст. Іх стварыў саўнддызайнэр Арцём Бусел. Зьвядзеньне і майстарынг альбома зрабіў менскі гукарэжысэр Павал Сініла (Everest Media). Рэліз альбому заплянаваны на канец студзеня.

Like a Gossamer летась адзначыў 10-годзьдзе ад часу свайго заснаваньня. Яго музыкі таксама гралі ў такіх гуртах, як «Рокаш», Testamentum Terrae, Re1ikt, Weeping Twilight. Адзін з гітоў гурта — «Дарога» трапіў на справаздачную складанку нашага парталу «Прэм'ер Тузін-2007». У апошнія пяць гадоў каманда прыпыніла працу — гэта было зьвязана з хваробаю яе басіста і аднаго з заснавальнікаў Дзяніса Голіна. Цяпер Like a Gossamer ператварыўся ў студыйны праект, які можа аднавіць канцэртную дзейнасьць, калі зьявяцца музычныя аднадумцы.

Tuzin.fm

Тэгi: