Вялікае княства каханьня гурта Biplan (аўдыё)
Найлепшая літоўская поп-група Biplan прэзэнтуе ў аўдыёчарце на Tuzin.fm беларускамоўную вэрсію свайго гіта «Amore».
Перасьпяваць свой гіт па-беларуску, удзельнікі гурта тлумачаць жаданьнем найлепей спазнаць нашу краіну, у якую пэрыядычна прыяжджаюць з канцэртамі. «Калі хочаш болей давецца пра краіну, то бяз мовы тут не абыйдзешся», — мяркуе лідэр гурта Макс Мельман. Літоўцы абвесьцілі конкурс на найлепшы пераклад сваёй песьні «Amore». Менавіта яна прызнаная ў Літве летась самай запатрабаванай на радыё, а сам гурт шмат у чым дзякуючы посьпеху гэтай песьні атрымаў узнагароду найлепшай поп-групы краіны.
На конкурс прыйшло болей за 80 варыянтаў. Па выніку быў абраны зборны тэкст — Дар’і Ісаковіч (куплеты) і Адаркі Зяньковай (прыпеў). Удзельнікі гурта былі яўна расчуленыя такой увагай і адзначылі, што маглі б сьпець практычна любы варыянт. У камэнтары для Tuzin.fm Макс Мельман зазначыў: «Магу заверыць, што першапачатковая задума песьні засталася такой жа. Мы ўжо сьпявалі яе ня толькі па-літоўску, але і па-расейску ды па-ўкраінску. Ва ўсіх варыянтах сутнасьць і атмасфэра песьні застаецца нязьменнай. Зь іншага боку, беларуская вэрсія адрозьніваецца ад іншых, бо кожная мова дадае сваё адценьне да песьні».
Гурт Biplan прызнаў свой беларускамоўны экспэрымэнт за цалкам удалы і з задавальненьнем прэзэнтуе трэк у чарце на Tuzin.fm у спадзеве, што ён прыйдзецца даспадобы беларускім слухачам. І не выключае магчымасьці працягу.
Tuzin.fm
Biplan — Amore (музыка: Максас Мельманс, Алегас Аляксеевас, Сяргей Саўчанка; словы: Максас Мельмасн, Алегас Аляксеевас, Сяргей Саўчанка, Дар’я Ісаковіч, Адарка Зянькова). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Зачараваны я табой
Пакінуць мушу гэты горад
І напалам дзялю сьлязой
Шчасьце, так блізкае ўчора
Пустыя рукі, лёгкі крок
Я застаюся безь нічога
Чужыя словы, як пясок
Асядуць з пылам на дарогу.
Amore, amore, amore
Дазволь апошні раз
Amore, amore, amore
Паверыць зноў у нас
І я калісь каханым быў
І сам кахаў беззапаветна
Складаў пачуцьці ў матыў
І песьні пеў дажджу і ветру
Мы можам час з табой спыніць
Скажу я: «Мілая, вітаю»
Каб тваё сэрца запаліць
Зноў засьпяваю і заграю
Жывая прэм'ера беларускай вэрсіі песьні адбудзецца 2 сакавіка ў менскім Tarantino на сольным канцэрце гурта Biplan. Увага: пачатак у 19.00, а не ў 21.00, як абвяшчалася раней.
Сябры, курсы "Мова нанова" запрашаюць вас паўдзельнічаць у конкурсе -- і выйграць запрашальнік на менскі канцэрт Biplan!
http://www.movananova.by/naviny/konkurs-ad-gurta-biplan.html
Выпраўце, калі ласка, памылку ў пераліку аўтараў беларускамоўнай версіі песні "Amore": не Дар'я Ісачэнка, а Дар'я Ісаковіч :)
КАМЕНТАВАЦЬ