Не забыць
5601 / 0
04.03.2014

Незабыўны трэк ад Martin S. (аўдыё)

У новым туры аўдыёчарту на Tuzin.fm гурт Martin S. прадстаўляе песьню «Не забыць» — загалоўны нумар з свайго новага EP.

Песьня «Не забыць» на думку музыкаў з Martin S. мае сьветлы і летні настрой. Менавіта летам і зьявіліся напрацоўкі гэтага твору. «Увогуле лета заўсёды нясе шмат падзеяў, эмоцыяў і перажываньняў, — кажа лідэр каманды Ўладзімер Боська. — Мінулае лета было для нас не выключэньнем. Мы паезьдзілі з выступамі па Беларусі, зганялі ў Маскву, Вільню. І, канечне, атрыманыя эмоцыі самі прасіліся навонкі, каб увасобіцца ў тэкст і музыку».

Давялі да поўнага ладу трэк узімку 2014-га. «Не забыць» разам зь яшчэ дзьвюма песьнямі выйшла ў выглядзе ЕР «Не забыць памылкі ніколі».

«У нашай песьні пяецца пра тое, што ня трэба хаваць ды саромецца сваіх парываў. Ня трэба слухаць нечых там меркаваньняў. Часам усё, што патрэбна для твайго асабістага шчасьця — гэта плюнуць на ўсё і ўсіх ды акунуцца ў багну з галавой. І хай гарыць усё гарам. Прыйдзе час і магчыма табе будзе сорамна і няёмка за свае ўчынкі, але гэта варта таго, бо ўспаміны застаюцца з намі на ўсё жыцьцё, і чым багацейшыя яны ў цябе, тым шчасьлівейшым чалавекам ты можаш сябе лічыць. Час ідзе, мы сталеем, усё навокал зьмяняецца, і толькі ўспаміны застаюцца з намі навечна», — разважае над зьместам свайго твору выканаўца.

Музыкі з Martin S. кажуць, што хочуць, каб слухачы пад іх песьню рабілі маленькія глупствы, жылі паўнавартасным жыцьцём і не баяліся за наступствы. Проста дазволілі сабе пабыць шчасьлівымі.

Tuzin.fm

Martin S. — Не забыць (музыка Ільлі Басько, словы Ўладзімера Боські). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Тут як заўжды зь неба падаюць зоркі на каўнер.

Ты ставісься занадта сур’ёзна да мяне.

Агонь у тваіх думках, агонь у вачах,

Адкінь свае сумненьні, забудзься на страх.

 

Давай наскрозь увесь гэты горад працінаць,

Пад чэрвеньскім дажджом мы так стаміліся чакаць,

А потым можаш ты ўсё перакрэсьліць і спаліць,

Толькі ведай, што на гэта лета не забыць.

 

Хто табе кажа, што ёсьць перашкоды для цябе?

Не давярай гэтым злосным пародам — не, не, не.

Агонь у тваіх думках, агонь у вачах,

Пляваць хацеў на ўсё, што ня тычыцца нас.

 

Давай наскрозь увесь гэты горад працінаць,

Пад чэрвеньскім дажджом мы так стаміліся чакаць,

А потым можаш ты ўсё перакрэсьліць і спаліць,

Толькі ведай, што на гэта лета не забыць.

Тэгi: