Сьпі, малы сакол
8092 / 2
24.10.2013

Валазьнёў і Прасьнякоў: кранутыя беларушчынай

У першым туры ў гіт-парадзе на «Тузіне Гітоў» бярэ ўдзел песьня «Сьпі, малы сакол». Яе запісаў 16-гадовы беларускі сьпявак Раман Валазьнёў у дуэце з расейскім выканаўцам Уладзімерам Прасьняковым.

Раман Волазьнеў атрымаў шырокую вядомасьць яшчэ ў 12 год пасьля таго, як стаў ляўрэатам конкурсу «Дзіцячая Новая хваля». Якраз тады Раман і пазнаёміўся зь вядомым расейскім сьпеваком Уладзімерам Прасьняковым. У 2010 годзе кампазытар Раман Козыраў прапанаваў хлопцу да выкананьня песьню «Сьпі, малы сакол». «Словы яе для мяне тады падаліся занадта дарослымі, але яна так прыйшлася мне да душы, што я ня здолеў ад яе адмовіцца ды забраў на будучыню», - згадвае Раман і прызнаецца, што гэты сьпеў на словы Янкі Лучыны выклікае ў яго вельмі цёплыя, добрыя і сьветлыя пачуцьці. Ды і ня толькі ў яго. Праз некалькі год Раман даслаў паслухаць «Сакола» Прасьнякову, той быў у захапленьні, хоць ня ўсе словы зразумеў. І прапанаваў яе выканаць Раману дуэтам, стварыўшы новую аранжыроўку.

 «Сакол» не адзіная песьня на беларускай мове ў рэпертуары маладога беларускага сьпевака. «Перакананы, што жывучы ў Беларусі, трэба сьпяваць на сваёй роднай мове, бо гэта твая краіна і нават, калі ты выступаеш у іншых краінах, то песьня на тваёй мове там вельмі вітаецца. Людзі з задавальненьнем слухаюць песьні па-беларуску, праўда зараз ня так проста знайсьці добры твор, таму я і пішу сам для сябе», - усьміхаецца Раман. Ён ужо выконвае чатыры кампазіцыі на вершы Максіма Багдановіча і з адной зь іх атрымаў Гран-Пры на конкурсе «Маладыя таленты Беларусі». Так што ў гіт-парадзе на Tuzin.fm Валазьнёў мусіць будзе частым госьцем.

SB, «Тузін Гітоў»

Раман Волазьнеў і Ўладзімер Прасьнякоў – Сьпі, малы сакол (музыка - Раман Козыраў, словы – Янка Лучына). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы. 

КАМЕНТАРЫ:

  • Вячаслаў Кіпрыяновіч
    Вячаслаў Кіпрыяновіч / адказаць
    11.11.2013 / 14:19

    Падобна на тое, што Уладзімер згнюсіў песьню сваёй гаворкай.

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    11.11.2013 / 15:56

    ...І абвергнуў стэрыятып, што беларуская і расейская роднасныя мовы:). Сапраўды, расейцу па-беларуску вельмі складана сьпяваць. Але падтрымайма такія пачынаньні!

  • КАМЕНТАВАЦЬ