Падман зроку
7407 / 1
29.04.2014

Самы просты, шчыры і зразумелы твор ад Avias (аўдыё)

Гурт Avias прадстаўляе ў новым туры на Tuzin.fm песьню «Падман зроку», якая анансуе дэбютны альбом музыкаў.

Avias у шэрагу тых камандаў, якія фармуюць сёньня аблічча беларускай музычнай альтэрнатывы. Cёлета музыкі плянуюць паказаць свой дэбютны альбом, які анансуе іх новая песьня «Падман зроку». «Яна з тых твораў, якія зьяўляюцца спантанна і заўджы пяюцца на адным подыху», — сьведчыць лідэр каманды Раман Сухоцкі. Яшчэ з часоў свайго першага гурту Krok Рома прынцыпова трымаецца беларускай у сьпевах і адмаўляцца ад сваёй пазыцыі ня думае — верыць у тое, што мова ўзбагачае і станоўча адбіваецца на агульным гучаньні каманды.

«Мы вырашылі прадэманстраваць найперш гэты трэк, бо ён найлепш дае ўяўленьне пра наш гурт, магчыма гэта самая простая, шчырая і зразумелая рэч з нашага альбому. Тут простая музычная структура, жыцьцясьцьвярджальны настрой і аповед пра ўсё патроху — пра час, каханьне, ілюзіі і адзіноту. У гэтым трэку ставіцца шэраг пытаньняў пра сэнс нашага існаваньня. Адказ на іх варта шукаць у звычайным чалавечым каханьні, а ўсё астатняе — хісткая ілюзія», — кажа пра «Падман зроку» лідэр Avias.

Кампазыцыя запісаная на студыі MappleTree, зьвядзеньнем і майстарынгам займаўся Антон Мацьвееў. Рэліз альбому і яго канцэртная прэзэнтацыя плянуецца на травень. Пакуль жа музыкаў можна падтрымаць у чарце на Tuzin.fm.

Tuzin.fm

Avias — Падман зроку (музыка і словы Рамана Сухоцкага). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

не дакранайся да аголеных правадоў

мацней націску няма чым колькасьць гадоў

добра трымаешся але і гэта часова

скажы чароўнае слова


тонны пытаньняў у перапоўненых галавах

адказы ў снах


вер мне ня мае сэнсу ні радасьць ні сум

калі табе адзінока

вер мне я ведаю месца дзе побач ня цесна

гэта не далёка


усё толькі пачынаецца напрыканцы

дзе сустракаюцца два ў небе сэрцы

усё атрымаецца але і гэта часова

скажы чароўнае слова


гукі размоваў часам усё больш ні аб чым

і час стаў хутчэй бегчы


вер мне не мае сэнсу ні радасьць ні сум

калі табе адзінока

вер мне я ведаю месца дзе побач ня цесна

гэта не далёка


падман зроку навокал

падман зроку...

КАМЕНТАРЫ: